Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ 4-га склікання Аляксандр Папкоў дапаможа пабудаваць у Багушэўску перасоўную АЗС

У гарадскім пасёлку Багушэўск пабывалі высокапастаўленыя прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай галін улады: намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Навацкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання па Сенненскай выбарчай акрузе Аляксандр Папкоў.

 Вось ужо 6 гадоў, як багушэўцы спрабуюць дамагчыся, каб у пасёлку ці яго наваколлі была пабудавана аўтазаправачная станцыя. З гэтай нагоды звярталіся ў аблвыканкам, ва ўрад краіны, нават, у адміністрацыю Прэзідэнта. Сказаць, што іх звароты засталіся без увагі, нельга. Спецыялісты РУП «Белнафтахім» распрацавалі на базе МАЗа перасоўную аўтазапраўку. Два гады таму ў Расіі выраблены яе эксперыментальны экзэмпляр. Не сядзела склаўшы рукі кіраўніцтва Багушэўскага пасялковага Савета. На перспектыўным плане развіцця Багушэўска пазначаны дзве пляцоўкі, дзе можа быць абсталявана перасоўная аўтазапраўка. Але местачкоўцы,  уласнікі прыватнага аўтатранспарту, па-ранейшаму, каб заліць паліва ў бак аўтамабіляў, трактароў,  едуць у Сянно, Віцебск.

 «Аўтазапраўка неабходна і прадпрыемствам Багушэўска, бліжэйшых населеных пунктаў, а гэта дадатковыя аб’ёмы рэалізацыі паліва і  прыбытак для РУП «Белнафтахім», — заўважыў у час абмеркавання праблемы Уладзімір Навацкі. — Магчыма, не такія высокія, як на транзітнай аўтадарозе, але яны будуць. На Багушэўску трэба апрабаваць работу перасоўнай аўтазапраўкі, каб выкарыстоўваць яе і ў іншых населеных пунктах краіны, у тым ліку ў аграгарадках», — падкрэсліў ён.

 Аляксандр Папкоў, выслухаўшы тлумачэнні Сяргея Старавойтава, кіраўніка «Віцебскнафтапрадукт» РУП «Белнафтахім» выказаўся так: «Як любую новую справу, арганізаваць работу першай у Беларусі перасоўнай аўтазапраўкі няпроста. За гэта трэба ўзяцца і зрабіць. Зрабіць дзеля людзей. Тым больш, што ёсць спецаўтамабіль, ёсць даручэнне Прэзідэнта, якое не выконваецца на працягу некалькіх гадоў».

Гэтыя і іншыя довады прымусілі Сяргея Старавойтава змяніць падыходы да праблемы, абмеркаванне якой працягвалася на тэрыторыі машыннага двара  былога саўгаса «Багушэўскі». Менавіта тут, верагодней за ўсё, і размесціцца пляцоўка для перасоўнай аўтазапраўкі. Некаторая неадпаведнасць пляцоўкі існуючым прыродаахоўным, санітарным і пажарным нарматывам  лёгка ўхіляецца. Свой уклад у іх ліквідацыю, заявіў Сяргей Пракаповіч, намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама, які прыняў удзел у абмеркаванні ўзнятай багушэўцамі праблемы, гатова зрабіць мясцовая ўлада.

 Так што перасоўнай аўтазапраўцы быць. Была вызначана нават канкрэтная дата запуску яе ў эксплуатацыю, якую называць мы не будзем. Каб не сурочыць. Паведамім лепш тады, калі факт будзе мець месца.

Аляксандр ЛАЗЮК.

НА ЗДЫМКУ: на месцы пляцоўкі будучай перасоўнай АЗС.

 Все материалы номера читайте в «ГС» №65 за 18 августа 2012 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *