У ААТ “Сенненскі райаграсервіс” наладзілі вытворчасць арачнікаў

У адпаведнасці з праграмай рэканструкцыі і будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм,  ААТ «Сенненскі райаграсервіс» наладзіла вытворчасць арачных збудаванняў. Зараз узводзіцца арачнік для ўласных патрэб размерам 17 х 81 м (для ўтрымання жывёлы). Ён складаецца з 28 металічных арак, зверху будзе нацягвацца тэнтавая тканіна.

 Тут на глыбокай падсцілцы маюць намер размясціць цялят. Тэхналогіяй прадугледжаны выдаленне падсцілкі з дапамогай бульдозера, кармавы стол, фураж на які будзе падавацца кормараздатчыкам,вентыляцыя памяшкання. Такое ўтрыманне жывёлы дазволіць павысіць рэнтабельнасць вытворчасці,паскорыць працэс тэхнічнага пераабсталявання жывёлагадоўчых комплексаў,знізіць выкарыстанне ручной працы, павысіць яе прадукцыйнасць.

 Па словах галоўнага эканаміста ААТ «Сенненскі райаграсервіс» Мікалая Зеляні, каб сабраць арачнік (без унутраных работ) патрабуецца 565 млн рублёў. На будаўніцтва выдзяляецца крэдыт банка пад 34% гадавых. У райаграсервісе створана брыгада, якая займаецца будаўніча-мантажнымі работамі па вырабе арачнікаў. На зварачных работах за­дзейнічаны Віктар Гарнак і Віктар Дунец. Заняты падрыхтоўкай матэрыялаў слесары Аляксандр Мік’янец, Валерый Баравік, на фарбоўцы — Генадзь Корсун.

 На сённяшні дзень большасць сельгасарганізацый змагла пераканацца ў перавагах будынкаў арачнага тыпу. Яны могуць выконваць не толькі функцыі жывёлагадоўчай фермы, а і ангара, склада, зернясховішча, могуць выкарыстоўвацца для захавання сельскагаспадарчай тэхнікі. Пры неабходнасці можна абсталяваць памяшканне пад вытворчы цэх ці майстэрню.

 Выгадна займацца вытворчасцю арачнікаў і для ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Таму прадпрыемства ахвотна прыняло заказы на іх выраб ад сельгаспрадпрыемстваў раёна (9 штук). Зрабілі заказы  ААТ «Какоўчына», «Кругляны» , «Сінягорскае» і  іншыя.  У  ААТ «Ульянавічы» мантаж  арачніка ўжо на стадыі завяршэння.

Ларыса Мукамолава.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *