У Сенненскай ПМК-64 працуюць “няправільныя” сантэхнікі

Брыгада мантажнікаў сантэхнічных сістэм і абсталявання (на здымку)  пад кіраўніцтвам Сяргея Акуратнага  — адна з лепшых брыгад Сенненскай ПМК-64. Калектыў гэты невялікі, але зладжаны і дружны. Тон у рабоце ­задае брыгадзір. Сантэхнік з 32-гадовым стажам, ён дванаццаты год працуе ў будаўнічай арганізацыі.

 Сам Сяргей Пятровіч —  сібірак з Омска. Разам з бацькамі (маці родам з-пад Віцебска) яшчэ хлопчыкам пераехаў у нашы мясціны. Калі бацькоў не стала, выхоўваўся у Сенненскай школе-інтэрнаце. У Сянно Сяргей сустрэў сваю суджаную, стварыў сям’ю. Выхавалі дваіх дзяцей. Сын Аляксандр да нядаўняга часу працаваў разам з бацькам у брыгадзе. Дачка Ірына — у Оршы, працуе завучам у школе. Унучка Ксенія пойдзе сёлета ў 1 клас.

 Перафразіраваўшы выказванне героя вядомага фільма, можна сказаць: добрая сям’я, добрая работа, што яшчэ трэба чалавеку.

 А работу сваю мантажнік-сантэхнік і газа­электразваршчык 5 разраду любіць па-сапраўднаму. Лічыць яе творчай. Праект кожнай наступнай будоўлі ўтрымлівае нешта новае. Раней займаліся у асноўным мантажом сантэхнікі жылых дамоў. Цяпер асвойваюць устаноўку абсталявання на комплексе «Бяленева», які будуе арганізацыя. Дарэчы, брыгада можа весці як унутраныя, так і вонкавыя сантэхнічныя работы, што вельмі цэніцца ў будаўніцтве.

 Калектыў працуе эфектыўна. Выпрацоўка менш 100% не бывае, гаворыць брыгадзір. І гэта не дзіўна, бо работнікі ў брыгадзе падабраліся старанныя, дысцыплінаваныя, непітушчыя (няправільныя сантэхнікі, жартуе брыгадзір). На «зялёнага змія» не звяртаюць увагі напэўна таму, што ў кожнага ёсць сваё хобі, занятак па душы ў вольны ад работы час. Сяргей Пятровіч, напрыклад, любіць займацца сваім аўтамабілем.

 Слесар-мантажнік Алег Берастаў у ПМК працуе 12 гадоў, у брыгадзе — 7 (раней быў у брыгадзе цесляроў-бетоншчыкаў). Цяпер Алег Мікалаевіч асвойвае яшчэ адну сумежную прафесію газаэлектразваршчыка.

 Асноўнае хобі Берастава — сын Уладзіслаў. Так сталася, што пры шлюбаразводным працэсе суд даверыў выхаванне сына бацьку.  Уладзіслаў не абдзелены ўвагай самага роднага чалавека. Бацька сочыць за яго вучобай і вольным часам. Да нядаўняга часу хлопчык наведваў секцыю грэка-рымскай барацьбы

 Заўзяты рыбак, Алег Мікалаевіч хоча прызвычаіць да рыбалкі і сына: адпачынак на свежым паветры не пашкодзіць, ды і справа рыбацкая патрабуе ўседлівасці і ўвагі, якіх часам не хапае хлопчыку. Тым больш, што Уладзік і сам просіцца парыбачыць разам з бацькам.

 Паўтара года працуе ў брыгадзе слесар-мантажнік Уладзімір Шавянько. Ураджэнец Чашніцкага раёна, ён лічыць сябе сенненцам, бо ўжо 30 гадоў як пераехаў у Сянно. Раней  больш працаваў «па шабашках». Але вырашыў «асесці». Зарплата пастаянная, стаж ідзе і сям’я побач, пералічвае выгоды «аселай» работы Уладзімір Аляксеевіч.

 Сям’я Шавянько жыве ў «сваім» доме. Трымаюць немаленькую гаспадарку. Сучасны гарадскі кулак — жартуюць калегі Уладзімі­ра. І сапраўды, каня, свіней, курэй, гусей цяпер далёка не на кожным вясковым падвор’і ўбачыш. Нічога незвычайнага ў гэтым няма, лічыць гаспадар, пражыць неяк трэба, ды і дзецям дапамагчы. Сын Аляксей яшчэ школьнік. А дачка Ірына ўжо стварыла сваю сям’ю, але жыве пакуль з бацькамі. Хаця і радуе дзядулю з бабуляй унук Стасік, але маладая сям’я, лічыць Уладзімір Аляксеевіч, павінна жыць асобна. Таму і набыць кватэру трэба дапамагчы.

 А калі выдаецца вольная часіна, едуць бацька з сынам на рыбалку.

 Вось такія розныя людзі працуюць у брыгадзе Сяргея Акуратнага. А аб’ядноўвае іх справа, імкненне рабіць яе як мага лепш.

 З прафесійным святам вас, будаўнікі! Няхай спорыцца праца і на рабоце, і дома!

 Таццяна Буракова.

 

Усе матэрыялы нумара чытайце ў “ГС” №63 за 11 жніўня 2012 года