Першыя ў вобласці

Ільнаводы ААТ «Сенненскі льнозавод»  першымі ў раёне і вобласці завяршылі церабленне  льну на  плошчы 700 гектараў,  што былі пасеяны на землях завадчан і  КУСГП «Полымя».

 На гербе Рэспублікі Беларусь  побач з пшанічным коласам змешчана выява суквеццяў канюшыны і льну. І нездарма. Лён для нашых продкаў  разам з зерневымі культурамі, бульбай спакон вякоў быў крыніцай матэрыяльнага багацця. З насення льну здабывалі алей, з трасты — валакно. Пасля шмат­этап­най апрацоўкі яно ператваралася ў палатно. У залежнасці ад якасці сыравіны, ступені апрацоўкі з яго шылі адзенне для паўсядзённага ўжытку, святочныя касцюмы. Абрусы, ручнікі, паясы, аздобленыя вышыўкай, выкарыстоўваліся пры правядзенні розных абрадаў, рытуалаў, свят. А гэта ўжо іншыя, не матэрыяльныя здабыткі, духоўная культура.

 У нашы дні вытворчасць ільну, яго перапрацоўка знаходзяцца  на  тэхналагічна іншым узроўні. Пашырылася сфера выкарыстання прадукцыі з ільну. Безумоўна адно — ільняная прадукцыя запатрабавана, як і 100, 200 гадоў таму.

 Выступаючы перад механізатарамі, спецыялістамі, кіраўніцтвам Сенненскага льнозавода, якія сабраліся  на полі ля вёскі Глебаўск, дзе завяршалася церабленне льну, старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка агучыў такую інфармацыю — Аршанскі льнокамбінат мае заказы на прадукцыю не толькі з Расіі, але і з краін Еўразвязу.  Так што лён застаецца культурай, запатрабаванай прамысловасцю, экспартаарыентаванай. (Заканчэнне.

Пачатак на 4-й стар.)

 — А гэта значыць, у  галі­ны, у завода  ёсць шанц на далейшае развіццё, на ўдасканаленне тэхналогіі вырошчвання і перапрацоўкі, — падкрэсліў кіраў­нік раёна.

 Пра стабільнасць сітуацыі ў ільнаводстве сведчыць і той факт, што на Сенненскім ільнозаводзе  працуе шмат сямейных дынастый. Сярод тых, хто паказвае прыклад у працы, — Аляксандр Маскоўскі.  Партрэт механізатара змешчаны на раённым Стэндзе гонару. На церабленні льну разам зім заняты сын Віталь. Яшчэ адзін  сын Аляксандра, як і бацька,  узначальвае экіпаж ільнокамбайна. Уладзімір — навучэнец Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. На льнозаводзе працуе Ірына Маскоўская — жонка і маці мужчынскай паловы Маскоўскіх.

 Сярод перадавых экіпажаў ільноўборачных камбайнаў ёсць іншыя сямейныя экіпажы:  Уладзімір і Людміла Арфаносы, Ула­дзімір Кацуба і Аліна Шубка. Гэта іх намаганнямі і намаганнямі Сяргея Малікава, Сяргея Шурмеля, Аляксандра Гарнака і Ула­дзі­міра Гарнака, іншых механізатараў сёлета  небывала рана  выцераблены лён. Пройдзены чарговы этап. Цяпер асноўныя намаганні льнаводаў будуць накіраваны на ўборку трасты. Частка яе ўжо запрасавана, іншая яшчэ вылежваецца пад жнівеньскай расой. Добра, каб прайшлі дажджы, што паскорыла б працэс адслаення валакна ад трасты. Кіраўніцтва завода спа­дзя­ецца,  што  выхад валакна будзе высокім, а нарыхтаваная траста  — не ніжэй першага нумара.

Аляксандр Лазюк.