За асацыяльны лад жыцця – крымінальная адказнасць. Наглядальная камісія Сенненскага РВК «взялась» за алкаголікаў, туняядцаў і гора-бацькоў, якія пражываюць у Ходцаўскім сельсавеце

Наглядальныя камісіі, што дзейнічаюць пры выканкамах усіх ўзроўняў, маюць статус грамадскіх фарміраванняў, а вось задачы,  ускладзеныя на іх, датычацца не толькі лёсаў канкрэтных людзей, сем’яў. За імі, нярэдка, праглядаюцца праблемы грамадства і дзяржавы. 

На апошнім пасяджэнні наглядальнай камісіі Сенненскага РВК былі заслуханы справаздачы старшыні Ходцаўскага сельвыканкама Вольгі Шчарбаковай па прапагандзе сярод насельніцтва здаровага ладу жыцця і прафілактычнай рабоце, якая праводзіцца з асобамі схільнымі да правапарушэнняў. Уладзімір Фралоў, спецыяліст па ідэалагічнвай рабоце ААТ «Белая Ліпа», таксама трымаў справаздачу аб прафілактыцы антыграмадскіх дзеянняў у працоўным калектыве. Старшыня прафсаюзнага камітэта гэтага ж акцыянернага таварыства Людміла Дунец падзялілася вопытам, як актывісты грамадскай арганізацыі працуюць з малазабяспечанымі сем’ямі і сем’ямі, што трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча. Асаблівая ўвага пры гэтым звяртаецца на тых работнікаў прадпрыемства, у сем’ях якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці.

 Члены наглядальнай камісіі і запрошаныя для работы ў камісіі пракурор раёна Уладзімір Рудзянкоў, намеснік начальніка РАУС Яўген Драненка, іншыя супрацоўнікі міліцыі мелі непасрэдныя зносіны з шэрагам жыхароў Ходцаўскага сельсавета.

Сяргей Грунтоў, які жыве ў вёсцы Ліпна, Наталля Шастакова (в. Перакопава) адбываюць па рашэнні суда пакаранне  ў выглядзе папраўчых работ. Працуюць у ДП «Саўгас імя Машэрава». Але працуюць дрэнна, часта  прагульваюць. Да таго ж, С.Грунтоў злоўжывае алкаголем, Н.Шастакова абавязана кампенсаваць затраты, якія дзяржава выдаткоўвае на ўтрыманне двух яе дзяцей. І Грунтоў, і Шастакова, безумоўна, ведаюць аб адказнасці за здзяйсненне прагулаў. І тым не менш яны парушаюць парадак адбыцця пакарання. Пракурор раёна вынес ім афіцыйнае папярэ­джанне аб крымінальнай адказнасці за падобныя дзеянні.

Папярэджанне атрымаў жыхар Ходцаў Генадзь Сапежка. Раней судзімы, мае адміністрацыйнае пакаранне, ён таксама  павінен вяртаць  грошы затрачаныя грамадствам на ўтрыманне ў дзяржаўных установах дзяцей, а таму фармальна падпадае пад прэвентыўны нагляд. У такой жа сітуацыі аказаўся Леанід Палянскі, які жыве ў Белай Ліпе, працуе ў мясцовай гаспадарцы, мае парушэнні працоўнай дысцыпліны па прычыне злоўжывання алкаголем. Яму  прапанавана прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці ці закадзіравацца.

Адным словам, што не чалавек, то свая гісторыя. Агульнае ў іх, хіба што, злоўжыванне алкаголем, супрацьпраўныя дзеянні ў мінулым, нежаданне жыць па прынятых у грамадстве законах. «Тым не менш, хочацца верыць, што людзі, якіх мы запрасілі, каб пагутарыць, пачулі нас, зразумелі абавязковыя для выканання рэкамендацыі наглядальнай камісіі,  сельвыканкама, службовых асоб, работнікаў міліцыі», — пракаментавала вынікі работы камісіі ў Ходцаўскім сельсавеце Зоя Фаміна, старшыня наглядальнай камісіі пры Сенненскім райвыканкаме, намеснік старшыні райвыканкама. Канкрэтныя даручэнні, згодна з рашэннем камісіі, атрымалі старшыня выканкама Ходцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Вольга Шчарбакова, намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Рыбчанка, участковы інспектар РАУС Артур Гарбачоў, іншыя службовыя асобы.

 Наступнае сваё пасяджэнне наглядальная камісія пры Сенненскім райвыканкаме правядзе ў Машканах. Сярод пытанняў, плануемых для разгляду, справаздача намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДП «Саўгас імя Машэрава» Леаніда Блажэвіча аб прафілактычнай рабоце з асобамі, што знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Сенненскага РАУС.

Аляксандр Яўгенаў.