Добрае зерне – высокая ўраджайнасць. У наступным годзе на Сенненшчыне пасеюць больш “эліты”

Роўна тыдзень убіралі ў ААТ «Ульянавічы» азімую пшаніцу, якой было занята 619 гектараў. Валавы намалот зерня склаў 1814 тон.

Такім вынікам Уладзімір Мезаўцоў, галоўны аграном акцыянернага таварыства хутчэй не задаволены. «Пад культуру, якая з’яўляецца асноўнай крыніцай бялка для жывёлагадоўлі, запатрабавана камбінатам хлебапрадуктаў і спіртавой вытворчасцю, унеслі неабходны комплекс угнаенняў, правялі доглядныя работы. Таму разлічвалі на больш высокія намалоты. На жаль, летась давялося сеяць пераважна насеннем трэцяй рэпрадукцыі. «Элітай» засеялі толькі 90 гектараў. З іх і збіралі ад 35 да 40 цэнтнераў збожжа з гектара», — расказвае ён.

 Сёння гэтую памылку ў гаспадарцы імкнуцца выправіць. Усё зерне з участка, засеянага «элітай», дапрацавана. Пад ураджай наступнага года засыпана 170 тон насення першай рэпрадукцыі. У Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі зноў будзе набывацца «эліта».

 Пачалася ўборка жыта. Біялагічная ўраджайнасць яго таксама перавышае 30 цэнтнераў з гектара, упэўнены Уладзімір Мезаўцоў: «Першы дзень убіралі палегліцу. Нават на гэтым участку, дзе камбайны працавалі з заездам, атрымалі па 22 цэнтнеры».

 Дарэчы, палеткі ААТ «Ульянавічы» сёлетнія прыродныя катаклізмы ў выгля­дзе шквалістага ветру, ліўневага дажджу асабліва не за­кранулі, што таксама са­дзейнічае тэмпам жніва і добрым намалотам. А галоўнае, камбайны, пакуль, працуюць бездакорна. Пачыналі жніво з 8 машынамі, на днях атрымалі яшчэ адну. Так што ўборка на хлебных нівах пойдзе яшчэ хутчэй. Паспрыяла б хлебаробам прырода і далей. Сонечнага надвор’я просяць не толькі механізатары-камбайнеры. Яно трэба, каб знізіць затраты на дапрацоўцы зерня. І таго, што ляжа ў глебу ў якасці насення, і таго, што трэба адпраўляць дзяржаве ці палажыць ва ўласныя засекі.

 Напольная сушылка ва Ульянавічах працуе з першага дня жніва. На ёй сушылі рапс, рыхтавалі насенне азімай пшаніцы. Работа вялася кругласутачна. Крыху пазней запусцілі сушыльны зернеачышчальны комплекс у Вялікім Азярэцку. Праблему з рабочай сілай на таках вырашылі за кошт пенсіянераў і школьнікаў. На дапамогу прый­шлі нават тыя дзеці, што прыехалі ў госці да бабуль-дзядуль з Мінска, Віцебска, Сянна. Не хапала ўласнага аўтатранспарту — выручылі шэфы з Сенненскага ДРБУ-146, Віцебскага ДБУ.

 Высокая ўраджайнасць на палетках стымулюе працу людзей. Уладзімір Шабалін, пераможца леташняга спаборніцтва ў ААТ «Ульянавічы», лідзіруе і сёлета. За дзень ён намалочвае па 75 тон збожжа. З невялікім адставаннем працуюць экіпажы астатніх камбайнаў.

 «Калі ёсць добрыя намалоты, можна не хвалявацца за захаванасць паліва, не трэба прасіць людзей папрацаваць лішнюю га­дзіну, — разважае Ула­дзімір Мезаўцоў. — Навошта «прадаваць» салярку, калі на полі заробіш больш? Убяром сваё — паедзем на дапамогу суседзям, як рабілі летась, пазалетась».

 Больш 4 тон паліва неабходна ААТ «Ульянавічы» штодня, каб весці ўвесь комплекс палявых работ. У ліку першачарговых — не толькі ўборка зерневых культур. Услед за камбайнамі на палях з’яўляюцца трактары з прэспадбор­шчыкамі. Расход саломы на жывёлаводчых фермах гэтай зімой павялічыцца. Частка жывёлы будзе пераведзена на ўтрыманне на глыбокай падсцілцы. Вя­дзецца лушчэнне рапсавай сцярні, ворыва, у тым ліку палеткаў, апрацаваных глі­фасатамі. На іх ужо ў блі­жэйшыя дні павінна пачацца сяўба азімага рапсу.

 Новыя тэхналогіі,  больш прадукцыйная тэхніка, што прыйшлі на палеткі грамадскіх сельгасарганізацый, павышэнне культуры земляробства дазволілі земляробам штогод нарошчваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Справа за малым — навучыцца вырошчваць і ўбіраць зерне з найменшымі затратамі,  рэалізоў­ваць прадукцыю па выгаднай для сябе цане.

Аляксандр ЛАЗЮК.

 На здымку: галоўны аграном Уладзімір Мезаўцоў і перадавы камбайнер Уладзімір Шабалін.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *