Эх, Сямёнаўна…
Вёсачка Міцюкова размясцілася прыкладна за 30 кіламетраў ад райцэнтра і адносіцца да Какоўчынскага сельсавета. Сумежная дарога цягнецца ўздоўж разбітай вясковай вуліцы, у канцы якой мяне ўжо чакалі…
Былая настаўніца пачатковых класаў, Ганна Сямёнаўна Мірановіч, ветліва сустрэла «госцю з горада». Нягледзячы на немаладыя гады, розныя «ўзроставыя балячкі», яна жвава пачала гаворку. безумоўна, былая праца патрабавала падобных зносін. Усё жыццё Ганна Сямёнаўна прысвяціла асвеце, адукацыі дзяцей…
Дзяцінства
Гісторыя яе жыцця, напэўна, падобная на шматлікія лёсы людзей таго пакалення…
— 1937 год… Бацька працаваў на чыгунцы, як зараз памятаю, ездзіў на белым кані, — усхвалявана пачала субяседніца. — Кулакамі мы ніколі не былі, бацька быў са шматдзетнай сям’і, усё жыццё непасільна працаваў. Вось толькі ў калгас не ўступаў. З-за гэтага, пэўна, без суда і следства, па даносу аднавяскоўца Сідара, які крыху варагаваў з бацькам, яго забралі на «чорным воране» — і, як камень у ваду… Маці тады ў бліжэйшых вёсках сабрала шмат подпісаў у доказ яго невінаватасці, але было позна… Спачатку пісаў нам лісты з Урала, затым з Каўказа, дзе будавалі ваенна-грузінскую дарогу, потым прапаў… Пасля вайны на нашы запыты пра бацьку, паведамілі, што яго рэабілітавалі…
У 1944-м пасля вызвалення нашых мясцін ад немцаў, Ганна Сямёнаўна страціла і маці, якая памерла ад брушнога тыфу.
— Мама марыла стаць настаўніцай, але ў той час «саслоўе» не дазваляла. Закончыўшы толькі 4 класы, на памяць расказвала нам Пушкіна, Крылова, Някрасава. Асабліва запомнілася някрасаўская «Несжатая полоса».
Так наша гераіня з меншым братам Сямёнам сталі сіротамі. Адзіным выратаваннем быў родны дзед. Каб не забралі ў дзіцячы дом, яны прасіліся: «Дзядулечка, міленькі, не аддавай нас у дзетдом, мы будзем цябе слухацца!». Абяцанкі заўсёды прытрымліваліся. Працавалі шмат.
Аднойчы малы Сямён на валах скарадзіў поле. Пэўна, нешта не тое зрабіў, падбег да яго той даносчык Сідар і моцна набіў хлопчыка. На што той адказаў: «Ведаеш, дзядзька, вырасту я і ўсё табе ўспомню: і бацьку, і сябе!». Пасля гэтага сусед не чапаў хлопца.
— Памятаю, як дзед Піліп усё прыгаворваў: «Ах, каб цябе пранцы елі!». Што значаць гэтыя яго «пранцы», я і сёння не ведаю. Прыгадваю, як зусім стары (больш за 90 гадоў пражыў), з доўгай сівой барадой, ён выглядваў з-за печы і сачыў за намі, вучыў нас… Добры дзед быў, — з сумам успамінае Ганна Сямёнаўна.
Ажыццявіла мару маці
Ганна пайшла вучыцца. Спачатку ў вёску Шыбекі, куды даводзілася кожны дзень хадзіць больш за 10 кіламетраў. Потым — у Пацкава, затым — «па хатах» у Васількова. «Устанем рана, ідзём-ідзём і ўсё роўна спознімся», — успамінае Ганна Сямёнаўна.
— Прыйшла пара вызначацца з будучыняй, — працягвае яна. — А тут прыехаў мой стрыечны брат Пятрок. Спачатку думала заставацца ў калгасе, вывучыцца на агранома. Але Пятрок запярэчыў: «Не раю дзяўчатам ісці ў аграномы». У чыгуначны — з чарчэннем тугавата, у медыцынскі — крыві баюся. Засталося адно — педагагічнае вучылішча. Так мару маці я і ажыццявіла.
Час быў складаны… Дзяўчына з братам, дзедам дзерлі лазу, сушылі яе, здавалі. Яшчэ сёння Ганна Сямёнаўна ўсё памятае: як за кілаграм сушанай лазы давалі 10 капеек; як, назбіраўшы колькі грошай, паехала ў Оршу купляць сабе туфлі; як у наіўнай дзяўчыны скралі гэтыя цяжка заробленыя грошы; як з гора наўзрыд плакала і, каб не сяброўка, утапілася б у Аршыцы. «Думала, што не перажыву, шкада грошай, ды і босая, голая хадзіла!»— са слязамі ўспамінае жанчына.
Усе гады вучобы ў Аршанскім педагагічным вучылішчы старанная дзяўчына атрымлівала стыпендыю, якой ледзь хапала, каб заплаціць за здымную кватэру, прыехаць дамоў, купіць сшыткі і ручкі. Выратоўвала зноў тая ж лаза, уласны агарод. Калі не было куска хлеба, хадзіла мыць падлогу за рубель да «заможных».
— Аднойчы гарадская аднагрупніца сказала, што я апранаюся, як старая баба. Колькі слёз было, крыўды на яе, на лёс. Дапамог зноў стрыечны брат Пятрок: купіў паліто, тканіну для пашыву сукенкі. З’явілася вопратка, каб апранацца на «адкрытыя» ўрокі.
Пасля заканчэння ў 1951 годзе педвучылішча Ганну Сямёнаўну разам з усёй групай накіравалі ў Брэсцкую вобласць. У Бярозаўскім раёне 9 гадоў яна вучыла дзяцей, але на маленькую радзіму цягнула заўсёды. Неяк, калі была дома ў водпуску, старшыня калгаса сказаў, што ў Міцюкоўскай пачатковай школе вызваляецца адна вакансія: «Мы хуценька — «на каня», паехалі ў Сянно». Пабачыўшы значок «Выдатнік народнай асветы БССР», ёй без ваганняў прапанавалі месца. Адпускаць з Брэстчыны Ганну Сямёнаўну не хацелі, бо была яна на добрым рахунку. Нават цяпер не страціла сувязі з былымі калегамі, сяброўкамі па вучобе.
З 60-га года і да выхаду на заслужаны адпачынак Ганна Сямёнаўна выкладала ў пачатковых класах школы вёскі Міцюкова. Выйшла замуж, нарадзіліся дзеці, працавала на ўласным падворку. Сваёй дабрынёй і шчырасцю дапамагала людзям. І сёння гатова параіць, аддзячыць добрым словам, аддаць апошнюю кашулю, бо памятае, як цяжка было тады, у дзяцінстве і маладосці.
Ад бабулі — унукам
А яшчэ Ганна Сямёнаўна — майстрыха на ўсе рукі. У хаце ўпрыгожваюць мэблю, абразы вышываныя ручнікі, абрусы, сурвэткі. Шмат прыгожых рэчаў майстрыха аддала родным, знаёмым: баіцца, каб не скралі. Сёння жанчыне — 83 гады, і яна ўжо не вышывае: «Старання гэта занятак патрабуе, ды і зрок падводзіць!». А навучылася яна гэтаму майстэрству яшчэ ў маладыя гады, на той далёкай Брэстчыне. Сваіх унучак Ганну і Юлю таксама прыцягнула да вышывання.
Эпілог
— Зараз старому чалавеку вельмі цяжка аднаму ў вёсцы, — сумна кажа былая настаўніца. — Канешне, дапамагаюць дзеці, унукі, але жывуць яны ў Віцебску. Дзякуй богу, што ёсць на свеце добрыя людзі — гэта мае суседзі. Асабліва — мая сяброўка, Ніна Мікалаеўна Акулёнак, якая кожны дзень наведваецца да мяне, прыносіць пачастункі, дапамагае па гаспадарцы, выклікае «хуткую». Сама яна таксама са шматдзетнай сям’і, такую ж і сваю сям’ю выгадавала. Працавітая і чалавечная…
Некалькі гадоў таму Ганна Мірановіч пахавала мужа, унука, таго адзінага роднага брата Сямёна, які быў вельмі здольны да навук, асабліва матэматыкі: «у яго была фенаменальная памяць». Толькі з-за ён кінуў вучыцца. Былая настаўніца плакала, калі ўбачыла партрэт Сямёна, лепшага трактарыста: «А мог стаць вялікім чалавекам…».
Але нават зараз Ганна Сямёнаўна не страціла аптымізм. Менавіта ён дапамагаў пераадольваць жыццёвую рэчаіснасць.
Ірына ГАРБАЧОВА.