Падтрымаем не толькі рублём. Віцебскі абкам прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў лепшых камбайнераў Сенненшчыны

У Сенненскім раёне пабываў старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Кузмянкоў. У сельгаспрадпрыемствах ён цікавіўся бытавымі ўмовамі, арганізацыяй харчавання ўдзельнікаў жніва, па прадстаўленні райкама прафсаюза ўручыў Дыпломы і прэміі экіпажам зернеўборачных камбайнаў, якія на той момант мелі найбольшыя намалоты збожжа.

Руслан Загорскі і Яўген Званкоў удзельнічаюць у спаборніцтве як моладзевы экіпаж. Для Руслана, старшага камбайнера, сёлетняе жніво другое па ліку ў працоўнай біяграфіі, а Яўген хлеб убірае ўпершыню. І такі старт іх абнадзейвае, заахвочвае да прадукцыйнай працы. Тым больш, што за апошнія дні ўраджайнасць на збожжавых палях ДП «Саўгас імя Машэрава» ўзрастае.

 Каб сустрэцца яшчэ з двума перадавымі экіпажамі Сенненшчыны Аляксандру Кузмянкову давялося шукаць іх у суседніх гаспадарках. Аляксандр Шабалін і Дзяніс Астаповіч пасля завяршэння ўборкі а­зі­мых зерневых культур у ААТ «Ульянавічы» часова працавалі на палетках акцыянернага таварыства «Студзёнка». Сямейны экіпаж у скла­дзе бацькі і сына, Алега і Паўла Садоўчанкаў з ААТ «Белая Ліпа», убіраў збожжа ў ААТ «Сінягорскае». Суседзям дапамагалі не толькі яны, але і ўсе іх калегі. «Такім чынам у раёне імкнуцца не дапусціць страт збожжа», — пракаменціраваў Анатоль Кучынскі, старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК.

 Дарэчы, Павел Садоўчанка — студэнт, будучы інжынер-тэхнолаг. Скончыў тры курсы Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Работа на жніве ў якасці камбайнера для яго своеасаблівая практыка і магчымасць зарабіць самастойна першы капітал.

 Прафсаюзныя структуры аграпрамысловага комплексу нашай краіны ўсіх узроўняў імкнуцца ўнесці сваю лепту ў работу ўборачнага канвеера. А іх лідары сваю задачу бачаць у стварэнні для механізатараў, астатніх удзе­льнікаў жніва належных умоў працы і адпачынку, захаванні правілаў тэхнікі бяспекі, у арганізацыі спаборніцтва. 500 тыс. рублёў на экіпаж у якасці прэміі — гэта толькі пачатак прэміяльнага марафона, арганізатарам якога стаў прафсаюз. Разам з павелічэннем намалоту будуць расці і сумы прэміяльных выплат.

Аляксандр ЛАЗЮК.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Кузмянкоў уручае прэмію і Дыплом сямейнаму экіпажу Садоўчанкаў.

 

Усе матэрыялы нумара чытайце ў “ГС” №62 за 7 жніўня 2012 года

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *