Каліфарнійская забава прыжылася на сенненскім пясочку

На тэрыторыі Сенненскай школы-інтэрната прайшоў турнір па пляжным валейболе. Радзімай гэтага віду спорту лічыцца Каліфорнія (ЗША), на пляжах якой у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ўпершыню з’явіліся валейбольныя пляцоўкі. На Сенненшчыне афіцыйна ў пляжны валейбол сталі гуляць чатыры гады таму.

У пляжным валейболе, апрача традыцыйных для валейбалістаў якасцей, патрабуюцца асаблівая атлетычнасць і вынослівасць. На пяску спартсменам   даводзіцца  здзяйсняць неверагодныя скачкі і рыўкі. Матчы, у якіх замена гульцоў не прадугледжана, бо ў камандзе 2 чалавекі, часта праходзяць ва  ўмовах высокай тэмпературы паветра,  пры яркім сонцы, моцным ветры.

 У сёлетнім турніры па пляжным валейболе прынялі ўдзел 6 моладзевых каманд (да сарака гадоў) і 3 — старэйшых узростаў. Былі спартсмены і з Віцебскага раёна. Спаборніцтвы праходзілі на дзвюх пляцоўках. У напружанай барацьбе ў першай узроставай групе перамоглі Рустам Хасанаў і Аляксей Бакуноў. Другое месца «ўзялі» Аляксандр Селіванаў і Уладзімір Кісліцын. Трэцяе — Аляксандр Івашкоў і Аляксандр Волк. У старэйшай узроставай групе першымі сталі Генадзь Труханенка і Уладзімір Гардзюк, другімі — Анатоль Рыбчанка і Аляксей Анучкін, трэцімі — каманда Сенненскага льнозавода. Узнагародамі для пераможцаў сталі медалі, якія набылі на ўласныя сродкі арганізатары — аматары валейболу.

Ірына ГАРБАЧОВА.

 

Усе матэрыялы нумара чытайце ў “ГС” №62 за 7 жніўня 2012 года