На адгрузцы зерня задзейнічаны транспарт арганізацый Сянна

Сёлета дзяржзаказ па пастаўках харчовага і прамысловага збожжа складае 10900 тон,  у тым ліку ААТ «Віцебскі камбінат  хлеба­прадуктаў» — 5800 тон, ААТ «Белсолад» — 1100 тон і РУП «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод» філіял Багушэўскі спіртзавод — 4000 тон.

Па стане на канец ліпеня на хлеба­прыёмныя пункты вобласці было адгружана нямногім больш 1000 тон збожжа. Не прыступалі да выканання першай запаведзі хлебароба ААТ «Сінягорскае», «Пурплева», «Літусава», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

 Можа няма чаго здаваць? Ёсць! Толькі на гэты дзень ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» мелі звыш 200 тон падрыхтаванай пшаніцы, ААТ «Ульянавічы» — 250 тон жыта.

 Няхватка аўтатранспарту — вось асноўная прычына нізкіх тэмпаў адгрузкі хлеба ў дзяржаўныя засекі. Распараджэннем старшыні райвыканкама аўтамабілі, прыгодныя для перавозкі збожжа некаторых гарадскіх  арганізацый, замацоўваюцца на жніво за сельгасарганізацыямі. Аднак  ДРБУ-146  з дзвюх адзінак  у ня­дзелю (29 ліпеня) прадаставілі толькі адну, ААТ «Аўтатранспартнае прад­пры­емства № 20» з 11 адзінак вы­дзеліла шэсць (31 ліпеня).

 Аўтапарк, быццам, і не адмаўляе ў транспарце для адвозкі ўраджаю, але… з раніцы машыны ідуць па справах аўтапрадпрыемства, потым становяцца на загрузку збожжам. У выніку за дзень робяць на хлебапрадпрыемствы не больш аднаго рэйса.

 Наяўны ўласны транспарт гаспадарак заняты на адвозцы зерня ад камбайнаў. Шафёраў, каб кагосьці пасадзіць на аўтамабіль у начную змену, няма. Ды і працаваць круглыя суткі чалавек не можа: не робат жа.

 У гэтым плане варта адзначыць работу ААТ «Сенненскі райаграсервіс», дзе сваё ўбіраюць, адгружаюць на КХП і, нават, аказваюць дапамогу транспартам іншым сельгасарганізацыям: ААТ «Ульянавічы», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», інш.