У гонар тых, хто ў небе. На магілу свайго камандзіра – ураджэнца Сенненшчыны – з’ехаліся “афганцы”-дэсантнікі з розных куткоў Расіі

Больш чым год таму пайшоў з жыцця Леанід Станкевіч. Афіцэр-дэсантнік, ён у канцы 1979 года ў складзе Віцебскай паветранай дэсантнай дывізіі быў накіраваны ў Афганістан, удзельнічаў у першых баях. У прыватнасці, батальён, у якім Леанід Станкевіч быў начальнікам штаба, штурмаваў будынак, дзе знаходзіўся Генеральны штаб Афганскай арміі. Рота пад яго камандаваннем «зачы­шчала» службовыя кабінеты. У гэтым баі капітан Станкевіч атрымаў асколачнае раненне ў твар. У шпіталі лячыўся тры месяцы. Зноў вярнуўся ў Афганістан у 350 полк, у 3-ці батальён, дзе яго чакалі баявыя сябры, у красавіку 1980 года.

 Другі раз у Афганістан Леанід Станкевіч трапіў праз 9 гадоў, на гэты раз — па добрай волі, напісаўшы рапарт. Ваяваў да вываду савецкіх войскаў.

 Дэсантнае братства — асаблівы мужчынскі саюз. Калі яно фарміравалася на афганскай вайне — гэта на ўсё жыццё. Нядаўна на магіле нашага земляка пабывалі яго саслужыўцы. Пераважна тыя, хто ў канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў 20 стагоддзя праходзіў тэрміновую службу ў абмежаваным кантынгенце савецкіх войскаў у Афганістане, служыў пад кіраўніцтвам Леаніда Станкевіча.

 — Мы тады прыкрывалі ўсю мяжу з Іранам, — расказаў Аляксандр Бяссонаў, у тыя гады — радавы, сапёр, а цяпер — масквіч. — Мы помнім нашага камандзіра, бо ён клапаціўся пра нас, аберагаў нас.

 Анатоль Глухоўскі, Гіві Чапідзэ, Аляксандр Карпушэнка, Андрэй Усачоў, Сяргей Шабалкін, Мікалай Вядзернікаў, Сяргей Жукаў — сёння яны грамадзяне Расійскай Федэрацыі, жывуць у Маскве, Яраслаўлі, іншых гарадах. А прызываліся на тэрміновую службу ва Узброеныя сілы СССР з Грузіі, Казахстана, Расіі і Беларусі. Розныя нацыянальнасці не заміналі ім сябраваць, дапамагаць адзін аднаму, прыкрываць у баі. Вернасць армейскаму сяброўству, памяць пра камандзіра прывяла іх на могілкі вёскі Ульянавічы, дзе пахаваны Леанід Станкевіч.

Л.Іўеў.

На здымку: дэсантнікі ля магілы камандзіра.

 

Усе матэрыялы нумара чытайце ў “ГС” №61 за 4 жніўня 2012 года