Сенненскі РАУС гатовы прыняць амністываных

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня падпісаў закон «Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы». Тэкст адпаведнага нарматыўнага прававога акта зарэгістраваны 10 ліпеня ў Нацыянальным рэестры прававых актаў.

 За ўчыненне злачынстваў, якія не адносяцца да цяжкіх, будуць амнісціраваны непаўналетнія; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў; асобы пенсійнага ўзросту; інваліды 1-й і 2-й групы; хворыя на актыўныя формы туберкулёзу, аднесеныя да 1-й, 2-й, 5-й «А» або 5-й «Б» груп дыспансернага ўліку; анкалагічныя хворыя 2-й, 3-й і 4-й клінічных груп; ВІЧ-інфіцыраваныя з 3-й (прэ-СНІД) і 4-й (СНІД) стадыямі захворвання па клінічнай класіфікацыі СААЗ; ветэраны баявых дзеянняў і іншыя.

 Таксама прадугледжваецца вызваленне ад пакарання асуджаных за крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысваенне або растрату, крадзяжы шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Пры ўмове, што на дзень уступлення ў сілу закона яны адбылі не менш за адну чвэрць назначанага тэрміну.

 Акрамя таго, могуць быць вызвалены асобы, у якіх на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі да заканчэння тэрміну пакарання застаецца менш за адзін год.

 Не падлягаюць амністыі асобы, якія асуджаны за ўчыненне злачынстваў, што ўяўляюць вялікую грамадскую небяспеку. У тым ліку гэта злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць дзяржавы, супраць жыцця і здароўя, супраць палавой недатыкальнасці. Амнісціраваны не будуць і тыя, у дачыненні да каго прымянялася амністыя або памілаванне ў перыяд з 2005 па 2012 год; на тых, хто на дзень уступлення прыгавору ў сілу не кампенсаваў эканамічны ўрон за ўчыненае (акрамя льготнай катэгорыі); тых, чыё пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання было заменена пажыццёвым зняволеннем і інш. Амністыя не закране злосна парушаючых парадак у папраўчых установах, а таксама дапусціўшых асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў.

 У цэлым чакаецца, што амністыя закране каля 7,6 тыс. чалавек.

 Колькі «аблудных душ» вернецца ў наш раён з турмаў і калоній, начальнік крымінальна-папраўчай інспекцыі Сенненскага РАУС Аляксандр Прыхожы дакладна не адказаў.

— Амністыя дзейнічае на працягу шасці месяцаў і колькасць асуджаных будзе фіксавацца па меры іх паступлення на ўлік у нашу інспекцыю.

 Аднак адну лічбу ён усё ж назваў. Пад дзеянне закону падпадаюць асобы, асуджаныя да пакарання, якое не  звязана з пазбаўленнем волі. Такіх на ўліку ў Сенненскім РАУС налічваецца 14 чалавек.

 Як патлумачыў Аляксандр Алегавіч, кожны, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, ставіцца на кантроль у крымінальна-папраўчай інспекцыі РАУС як асоба, маючая непагашаную судзімасць. За гэтай катэгорыяй грамадзян ажыццяўляецца прэвентыўны нагляд. З былымі асуджанымі праводзяць сур’ёзную работу па іх сацыяльнай адаптацыі. У першую чаргу, супрацоўнікі праваахоўных органаў дапамогуць у афармленні неабходных дакументаў (пашпарта, рэгістрацыі), паспрыяюць у працаўладкаванні і бытавым абуладкаванні. Тым, хто застаўся без пастаяннага жылля, на пэўны час будзе прадастаўляцца пакой рэсацыялізацыі.

 Сёння з боку міліцыі, уладаў і грамадства робіцца многае, каб вярнуць гэтых людзей у соцыум. Галоўнае, каб тыя, каму прадаставілі рэдкі шанц, скарысталіся ім.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.