У лідарах жніва ААТ “Ульянавічы”
Жніво ў раёне з кожным днём набірае тэмпы: наперадзе ідуць ААТ «Ульянавічы», «Белая Ліпа», дзе на ўчарашні дзень убрана адпаведна 40 і 36 % плошчаў ад плана. ВДМС лідар у раёне па ўраджайнасці — 46,6 цэнтнера.
У аўтсайдэрах пакуль знаходзяцца ААТ «Какоўчына», «Студзёнка», «Кругляны», КУСГП імя Гараўца. УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» і ДП «Саўгас імя Машэрава» маюць самыя вялікія ўборачныя плошчы: адпаведна 3600 і 3250 гектараў і нізкія тэмпы ў іх могуць адмоўна адбіцца на агульнараённым караваі. Хаця ў ДП «Саўгас імя Машэрава» другая па велічыні ўраджайнасць збожжавых.
Летась на канец ліпеня ў гаспадарках раёна было ўбрана на 2% збожжавых болей. Гэта гаворыць за тое, што ў сельгасарганізацыях ёсць рэзерв для росту, бо тэхнічная аснашчанасць не пагоршылася. Пакуль не ўключаны ў работу каля 20 зернеўборачных машын.
Правільна паступаюць у тых гаспадарках, дзе ўслед за камбайнамі ў поле ідуць агрэгаты па ўпарадкаванні саломы, або яна здрабняецца і рассейваецца ў ходзе абмалоту. Уборка саломы ў далейшым не будзе стрымліваць работы па падрыхтоўцы глебы пад сяўбу азімых і пры ўздыме зяблева.