Паспець за 31 дзень

Здаць рэканструяваныя малочнатаварныя фермы ў эксплуатацыю на Сенненшчыне плануецца ўжо ў верасні. У запасе ў будаўнікоў застаўся адзін месяц. Паспеюць ці не?

 Пінскія будаўнікі, што рупяцца на ферме КУСГП імя Гараўца ў вёсцы Ског Багушэўскага сельсавета, на пытанне адказваюць з аптымізмам: «З будаўні­чымі матэрыяламі праблем няма, паступаюць рэгулярна, а таму ўсё залежыць ад нашай спрытнасці».

Тым не менш, праблемы ўзнікаюць, прызнаюцца ў гаспадарцы. Не заўсёды своечасова афармляюцца неабходныя дагаворы з пастаўшчыкамі, у тым ліку і па віне апошніх. Дастаткова марудна асвойваюцца грашовыя сродкі.

 Унутры фермы на 200 галоў поўным ходам ідуць аддзелачныя работы. У памяшканнях, дзе будзе ўтрымлівацца жывёла, заменены аконныя рамы, зроблены вентыляцыйныя аддушыны. Сучасны выгляд набываюць бытавыя пакоі, малочны блок: падлога абліцавана пліткай, сцены абшываюцца сайдынгам. Несумненна работнікі жывёлагадоўчага комплексу ацэняць санітарныя ўмовы. На ферме будуць усталяваны туалет і душавыя.

 Побач будуецца новы прафілакторый для цялят на 40 галоў. Падчас нашага візіту рабочыя былі заняты на ўзвядзенні даху.

 На ферме ААТ «Студзёнка» ў Івонях працуюць ад­разу дзве брыгады — прыватнае будаўнічае прад­прыемства з Віцебска і  група мясцовых будаўнікоў. Працуюць штодзень, маючы адзін выхадны. І ўсё ж на перспектыву здаць аб’ект да 1 верасня самі будаўнікі глядзяць з пэўнай доляй скептыцызму: «З такімі тэмпамі наўрад ці паспеем». Яны прызнаюцца, будаўнічыя матэрыялы паступаюць не рытмічна. На момант візіту карэспандэнта будаўнікам не хапала перамычак на вокны. На аршанскім прадпрыемстве, дзе іх вырабляюць, нейкія вытворчыя праблемы.

 У сельгаспрадпрыемстве замінкі з набыццём будматэрыялаў тлумачаць выдаткамі дакументазвароту і чаргой: толькі ў раёне вядзецца рэканструкцыя 11 фермаў. А колькі іх у вобласці? Забяспечыць адначасова ўсе заяўкі прадпрыемствы-вытворцы і пастаўшчыкі не ў стане, даводзіцца чакаць.

  У бліжэйшых планах будаўнікоў — узвядзенне даху над малочнатаварным комплексам. Яго кошт складзе больш за 418 мільёнаў рублёў.

 Пасільную дапамогу дарослым акажуць вучні Сту­дзёнкаўскай дзіцячага са­да-сярэдняй школы, з якіх будзе сфарміраваны будатрад.

 Акрамя фермы на 200 галоў у Івонях таксама запланавана будаўніцтва арачніка.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *