Дзе будзе захоўвацца хлеб новага ўраджаю? Карэспандэнт”ГС” пабываў на Багушэўскім хлебапрыёмным пункце
З ураджаю мінулага году праз Багушэўскі хлебапрыёмны пункт прайшло каля 5 тыс. тон зерня, на захаванне было пакінута 3724 тоны.
— Значную частку збожжа мы толькі дапрацоўваем і адразу ж адпраўляем у Віцебск, — расказвае Мікалай Баравік, кіраўнік вытворчага падраздзялення Віцебскага КХП. — Зараз нашы засекі пустыя: вымецены, вычашчаны, выбелены. Праведзена дэзінфекцыя зерневага кляшча. Зроблены ямачны рамонт падлогі.
Найбольш клопатаў хлебапрыёмшчыкам дастаўляе сушыльная гаспадарка.
— Справа ў тым, што ў Багушэўску да гэтага часу выкарыстоўваецца абсталяванне, выпушчанае ў 1956 годзе. Усе тры сушылкі маральна і фізічна састарэлі, пастаянна патрабуюць рамонту, іх прапускная магчымасць вельмі нізкая, — працягвае расказваць Мікалай Баравік.
Менавіта таму хлебапрыёмны пункт, які яшчэ некалькі гадоў назад дапамагаў суседнім гаспадаркам сушыць збожжа, сёлета такой магчымасці не мае. У той жа час усё збожжа, якое паступіць на Багушэўскі хлебапрыёмны пункт у якасці дзяржаўнага заказу, будзе прымацца і дасушвацца да неабходнага стандарту. Запасы паліва завезены ў неабходным аб’ёме.
Вагавая гаспадарка праверана, лабараторыя прайшла атэстацыю, а значыць яны таксама гатовы да прыёму ўраджаю сёлетнега года. Як і людзі, якія працуюць тут. Вольга Клімава, лабарант Багушэўскага хлебапрыёмнага пункта, адзін з самых кваліфікаваных спецыялістаў Віцебскага КХП.
На перыяд прыёмкі зерня хлебапрыёмны пункт набірае да 30 сезонных рабочых. Улічваючы, што працаваць людзям трэба з механізмамі, у начную змену, непаўналетніх браць нельга. Да таго ж, некаторыя аўтамашыны з зернем даводзіцца разгружаць уручную. Разгрузачныя механізмы не разлічаны на велікагрузную тэхніку. Усе гэтыя праблемы даўнія. З імі багушэўскія хлебапрыёмшчыкі навучыліся жыць і працаваць. Незадоўга да пачатку нарыхтоўкі зерня прырода выпрабавала на трываласць і пабудовы хлебапрыёмнага пункта. Ветрам на першым складзе сарвала дахавае пакрыццё, на другім — пашкодзіла нават сцены. У выніку, ён часова непрыгодны для прыёмкі і захавання збожжа.
— Аднаўленчыя работы вядуцца. На першым складзе яны завершаны. І мы гатовы прымаць збожжа. Будзе адрамантаваны і другі склад, — упэўнены Мікалай Баравік. Так што той аб’ём збожжа, які Багушэўскім хлебапрыёмным пунктам звычайна прымаецца, будзе забяспечаны і сёлета, як і яго надзейнае захаванне.
Л.ІЎЕЎ.