Калегія райсельгасхарчу і прэзідыум РК прафсаюзаў работнікаў АПК зацвердзілі ўмовы раённага спаборніцтва сярод сельгасарганізацый Сенненшчыны і асобных катэгорый работнікаў

 Вынікі спаборніцтва будуць падводзіцца штодня, канчаткова — пасля завяршэння работ на жніве, уборкі льну і друкавацца ў раённай газеце.

  Спаборніцтвы павінны быць арганізаваны і ў сельгасарганізацыях.

 Згодна з умовамі спаборніцтва ў намінацыі «За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве зерня» пераможцамі прызнаюцца тры сельгасарганізацыі, якія атрымаюць самую высокую ўраджайнасць зерневых культур, выканаюць заказ на пастаўку зерня для дзяржаўных патрэб, забяспечаць найбольшы прырост валавай вытворчасці ў параўнанні з сярэднім узроўнем, дасягнутым за апошнія тры гады. Абавязковай умовай для ўдзелу ў спаборніцтве з’яўляецца наяўнасць не менш 800 га пасяўных плошчаў зерневых культур.

 Тры пераможцы вызначаецца і сярод гаспадарак, якія спаборнічаюць у намінацыі «За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу зерня маслічных культур». У разлік бярэцца ўраджайнасць з гектара пасяўной і ўборачнай плошчаў, валавы прырост у параўнанні з сярэднім узроўнем, дасягнутым за апошнія тры гады. Абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць не менш 200 га ўборачнай плошчы і выкананне дзяржаўнага заказу.

 Сярод ільнаводчых арганізацый удзел у спаборніцтве ў намінацыі «За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве льна» прымуць толькі тыя арганізацыі, дзе ўборачная плошча будзе не менш 50 га. Пераможцай стане адна, у якой будзе дасягнута самая высокая ўраджайнасць ільновалакна з пасяўной і ўборачнай плошчаў, што забяспечыць выкананне дзяржаўнага заказу нумарам трасты не ніжэй адзінкі і найбольшы прырост валавай вытворчасці за апошнія тры гады.                   Пераможцай можа быць прызнана толькі тая сельгасарганізацыя, у якой не дапусцяць парушэння правілаў аховы працы, забяспечаць належныя ўмовы працы.

 Сельгаспрадпрыемствы-пераможцы ўзнагароджваюцца Ганаровымі граматамі райсельгасхарчу і райкама прафсаюзаў работнікаў АПК.

 Будзе арганізавана спаборніцтва і сярод удзельнікаў жніва. Прэмію 1500000 рублёў атрымаюць экіпажы зернеўборачных камбайнаў КЗС-1218, Мега-360, калі намалоцяць 1100 тон зерня; Мега-204, Ліда-1300 — 810 тон; Дон-1500, КЗС-7, «Палессе- Ротар» — 730; КЗС-10К «Палессе» — 950. Камбайнеру выплачваецца 65% ад сумы прэміі, памочніку камбайнера — 35.

 Сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, вызначаюцца тры прызавыя месцы за забеспячэнне максімальных аб’ёмаў перавозкі зерня без страт з выплатай грашовай прэміі ў суме 750 тыс. рублёў у кожнай групе: першая група — з грузападымальнасцю да 4,5 т; другая група — ад 4,5 да 9 т; трэцяя — звыш 9 т.

 Камбайнерам, памочнікам камбайнераў, вадзіцелям залічваецца ў агульны аб’ё­м зерневых культур зерне рапсу, крупяных культур з каэфіцыентам 1:1, шматгадовых траў 1:5.

 Сярод экіпажаў камбайнераў, занятых на церабленні льна, пераможцам прызнаецца той, які забяспечыць выпрацоўку на камбайне не менш 150 га. Для яго прадугледжваецца грашовая прэмія ў суме 750 тыс. рублёў.

 Сярод аператараў сушыльных комплексаў устаноўлены тры прызавыя месцы з улікам прадукцыйнасці сушылкі па максімальнай колькасці высушанага зерня з уручэннем грашовых прэмій: за першае месца — 750 тыс. рублёў; другое — 600 тыс. рублёў; трэцяе — 450 тыс. рублёў.

 Пераможцы ўзнагароджваюцца Ганаровымі граматамі, граматамі, дыпломамі райсельгасхарчу і райкама прафсаюза работнікаў АПК з уручэннем грашовых прэмій за кошт гаспадарак.