ЗАБРАНІРАВАЦЬ РАБОЧАЕ МЕСЦА МАЛА, ТРЭБА ПРЫМУСІЦЬ ПРАЦАВАЦЬ

У лістападзе 2006 года быў выдадзены  Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях».

 Пра тое, як вядзецца работа па выкананні Дэкрэта ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама, мы папрасілі расказаць начальніка ўпраўлення Васіля Іосіфаві­ча Васілёнка:

 — У мэтах выканання Дэкрэта №18 праводзіцца работа  па забеспячэнні  выканання  судовых пастаноў аб працаўладкаванні абавязаных асоб, ажыццяўленні кантролю за іх штодзённай яўкай на рабочае месца, перапрацаўладкаванні  на больш аплачваемую работу.

 Рашэннем райвыканкама на 34 прадпрыемствах забра­ніравана 80 рабочых месцаў для абавязаных асоб. Усяго на ўліку стаяць 142 чалавекі, якія абавязаны кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне іх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

 — Як ваша ўпраўленне ўзаемадзейнічае з іншымі структурамі ў вырашэнні гэтага пытання?

 — Кожны квартал разам з судом, РАУС, камісіяй па справах непаўналетніх і аддзелам адукацыі праводзіцца зверка банка абавязаных асоб Сенненскага раёна па наступных групах: працуючыя, тыя, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, вызваленыя  ад уплаты расходаў па стану здароўя, аб’яўленыя ў вышук, перададзеныя па тэрытарыяльнасці за межы раёна, тыя, хто кампенсаваў расходы ў поўным аб’ёме і памерлыя.

 Сумесна з наймальнікамі і РАУС аддзелам занятасці ўпраўлення ажыццяўляецца кантроль за штодзённай яўкай на работу абавязаных асоб. Пра няяўку наймальнік паведамляе ў аддзел унутраных спраў і службу занятасці. Удакладняюцца прычыны  і прымаюцца меры па дастаўцы супрацоўнікамі міліцыі абавязаных асоб да месца працы. Усяго на прадпрыемствах раёна працуюць 114 такіх грамадзян. Наладжана таксама ўзаемадзеянне  аддзела занятасці ўпраўлення і  раённай бальніцай.

 — Не сакрэт, што задача поўнай кампенсацыі нядбайнымі бацькамі расходаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей вырашаецца недастаткова паспяхова. У чым тут вам бачыцца праблема?

 — Наша ўпраўленне сутыкаецца з праблемай адсутнасці магчымасці працаўладкавання абавязаных асоб на вакансіі з заработнай платай, якая дазваляе забяспечыць поўнае выкананне штомесячных абавязкаў па кампенсацыі расходаў на ўтрыманне дзяцей, каб за абавязанай асобай захоўвалася не менш 30% заработнай платы. Прадастаўленне гэтай катэгорыі грамадзян такой работы ў большасці выпадкаў немагчыма па аб’ектыўных прычынах. Памер штомесячных абавязацельстваў можа забяспечыць толькі заработная плата высокакваліфікаванага работніка, а абавязаная асоба амаль заўсёды не мае прафесіі (спецыяльнасці), вопыту работы і прафесійных навыкаў, таму, у адпаведнасці з працоўным заканадаўствам, не можа быць прынята на работу, якая патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі.

 У многіх абавязаных няма асабістай зацікаўленасці да працы. Найбольшая колькасць прагулаў робіцца імі на глебе п’янства. Напрыклад, Васілій Аляксандравіч Бажанок, які працуе ў КУСГП імя Гараўца, у ліпені бягучага года здзейсніў  23 прагулы. Анжэла Леанідаўна Панкратава, работніца гэтага ж сельгаспрадпрыемства, у ліпені здзейсніла 20 прагулаў. Таццяна Мікалаеўна Бацянкова, якая ў маі бягучага года вярнулася з лячэбна-працоўнага прафілакторыя, дзе прымусова праходзіла курс лячэння ад алкагалізму, ужо двойчы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за знахо­джан­не ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы. У ліпені яна зрабіла 20 прагулаў без  уважлівых прычын. У цяперашні час у адносінах да яе вырашаецца пытанне аб накіраванні на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Усяго ў 2010 годзе на такое лячэнне накіраваны тры абавязаныя асобы. У адносінах адной узбуджана крымінальная справа па арт. 174 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей альбо кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні). Усяго ў адносінах да нядбайных бацькоў узбуджа­на  чатыры крымінальныя справы.

 Адной з прычын нізкага працэнта кампенсавання расходаў і парушэння працоўнай дысцыпліны трэба наз­ваць і адсутнасць з боку наймальнікаў жорсткага кантролю за выхадам на работу абавязаных асоб, невысвятленне прычын здзяйснення прагулаў.

Таццяна Буракова.