Якія дакументы патрабуюцца для таго, каб аформіць пенсію?

Загадам Міністра сацыяльнай абароны ад 23 мая 1997 года №44 зацверджана «Палажэнне аб парадку прадастаўлення і афармлення дакументаў для назначэння пенсій у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні».

 Адпаведна Палажэння заяву аб назначэнні працоўнай пенсіі грамадзянін, які працуе, падае на імя работадаўцы. Непрацуючыя грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі, члены сялянска-фермерскіх гаспадарак падаюць заяву непасрэдна ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

 Звяртацца за назначэннем ПРАЦОЎНАЙ пенсіі можна ў любы час пасля ўзнікнення права на пенсію без абмежавання якім-небудзь тэрмінам і, нават, да наступлення пенсіённага ўзросту, аднак не раней, чым за месяц да ўзнікнення падобнага права. Пры звяртанні за назначэннем пенсіі заяўнік прад’яўляе дакумент, які пацвярджае яго асобу, узрост, месца жыхарства і грамадзянства. Такім дакументам для грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца пашпарт.

 Да заявы аб назначэнні пенсіі па ўзросце павінны быць прыкладзены: дакументы, якія пацвярджаюць стаж работы (працоўная кніжка, атэстат, для мужчын — ваенны білет, для жанчын — пасведчанні аб нараджэнні дзяцей) і стаж, які дае права на пенсію за работу ў асобых умовах працы; даведкі аб заработнай плаце за перыяд работы па 31.12.2002 года.

  Памер заробку за перыяд работы пасля 1 студзеня 2003 года на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пацвярджаецца выпіскай з індывідуальнага асабовага рахунку застрахованай асобы, які выдаецца раённым аддзелам Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. У 2012 годзе пенсія налічваецца з 18 гадоў падрад з апошніх 28 гадоў работы. Прыкладаюцца таксама  дакументы, якія пацвярджаюць права заяўніка на павышэнне пенсіі (пасведчанні «Ганаровы донар», Удзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і г.д.).

 Дакументы разглядаюцца на працягу 10 дзён з дня паступлення іх у поўным аб’ёме. Заканадаўствам прадугледжана магчымасць прадастаўлення нехапаючых дакументаў на працягу месяца з моманту падачы заявы.

 З 1 лютага 2012 года не ўключаюцца ў стаж і ў заробак перыяды няўплаты абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў памерах, устаноўленых для работадаўцаў, што прыводзіць да змяншэння памераў пенсій. Пасля ўплаты работадаўцам страхавых узносаў у поўным памеры робіцца пераразлік пенсіі з першага  чысла месяца наступнага за тым, у якім паступяць змененыя даныя з ФСАН.

Віктар ДЗЕРГАЧОЎ,

начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *