Дэмаграфічная сітуацыя ў Багушэўскім пас- і сельсаветах Сенненскага раёна застаецца напружанай

Хаця летась адзначаліся зніжэнне ўзроўню агульнай смяротнасці і рост нараджальнасці супраць папярэдняга года, колькасць прыпіснога насельніцтва зніжаецца. Павышаецца доля насельніцтва старэйшага ўзросту. Ужо сёння на 1000 чалавек працаздольных прыпадае 541 пенсіянер. І ў бліжэйшыя гады гэта тэндэнцыя  будзе ўзмацняцца і можа ўзнікнуць дэфіцыт працоўных рэсурсаў, у той час, як павялічыцца нагрузка на эканамічна актыўнае насельніцтва, сістэму аховы здароўя і сацыяльнай абароны. Вельмі турбуе скарачэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Таму ўдасканаленне медыцынскага абслугоў­вання — адзін з важнейшых накірункаў стварэння камфортных і бяспечных умоў для пражывання людзей у  рэгіёне.

 За два гады істотна ўмацавалася матэрыяльна-тэхні­чная база Багушэўскай раённай бальніцы. Рэканструявана паліклініка, абноўлена абсталяванне, у прыватнасці, набыта лічбавая стаматалагічная ўстаноўка «Белдент-2», электракардыёграфы. Аднак пакідае жадаць лепшага матэрыяльна-тэхнічная база амбулаторыі: ёсць патрэба ва ўльтрагукавым сканеры, антэнатальным фетальным маніторы, кальпаскопе, абсталяванні для перавязачнай. Патрабуюць рэканструкцыі пабудовы стацыянара: лячэбнага корпуса і харчблока з поўнай заменай наяўнага медыцынскага і тэхналагічнага  абсталявання. Дарэчы, рэканструкцыя стацыянара прадугледжана праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2011 — 2015 гады.

 Для паляпшэння  медыцынскай дапамогі насельніцтву  летась адкрыта амбулаторыя ўчастковага тэрапеўта.

 Са станоўчага боку варта адзначыць і работу амбулаторна-паліклінічнага звяна: пацыенты актыўна карыстаюцца папярэднім запісам на прыём і самазапісам. Дзённы стацыянар функцыяніруе ў дзве змены. Працуе мужчынскі аглядавы кабінет, арганізаваны выезды медыцынскіх брыгад на прыпісныя фельчарска-акушэрскія пункты, а таксама акушэра-гінеколага ў сельскія ўрачэбныя амбулаторыі.

 Па выніках работы летась стаматалагічны кабінет паліклінікі нашай раённай бальніцы прызнаны лепшым у вобласці.

 Спецыялісты абласнога эндакрыналагічнага дыспансера ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама арганізуюць правядзенне кансультатыўных прыёмаў пацыентаў на базе нашай паліклінікі. Толькі сёлета праведзена тры такіх прыёмы, адзін з якіх адбыўся на базе ДЛГУ «Багушэўскі лясгас». Выязныя формы вельмі запатрабаваны насельніцтвам. Раней з Сенненскай ЦРБ да нас па графіку  выязджалі ўрачы-спецыялісты: акуліст, неўролаг, аталарынголаг. На жаль, з-за кадравага дэфіцыту такая форма работы пакуль спынена. Кадравае пытанне актуальна і для Багушэўска, бо 40 працэнтаў урачоў маюць пенсіённы ўзрост.

  Грамадскасць пасёлка не можа не хваляваць сітуацыя з захворваемасцю на туберкулёз. Яна ўсё яшчэ застаецца на высокім узроўні: 102 на сто тысяч насельніцтва. Гэта больш як у два разы вышэй, чым па вобласці (36,7 на 100 тыс.). Свой уплыў на захворваемасць, магчыма, робіць і тое, што на тэрыторыі г.п. Багушэўск размешчана абласная супрацьтуберкулёзная бальніца. Але мы схільны да таго, што палепшылася дыягностыка захворвання, дзякуючы сучаснаму рэнтгенадыягнастычнаму абсталяванню. Праведзена ужо 8405 рэнтгенадаследванняў.

Здароўе  для ўсіх — вось наша агульная стратэгічная задача. Мы павінны ў разы больш зрабіць для зніжэння захворвання, інваліднасці, смяротнасці і павелічэння нараджальнасці. Неабходна  выхаваць у людзей беражлівыя  адносіны  да ўласнага здароўя.

Вячаслаў БАГДАНАЎ,

загадчык Багушэўскай раённай бальніцы,

дэпутат раённага Савета дэпутатаў

ад Някрасаўскай выбарчай акругі № 12.