Сенненскія “Зажынкі” далі старт жніву

Жніво набірае тэмпы. Па стану на 25 ліпеня ўборку крыжакветных культур завершылі ўсе сельгасарганізацыі раёна (акрамя УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава) і прыступілі да абмалоту зерневых культур. Пачалася адгрузка збожжа на дзяржаўныя патрэбы.

Не забыліся на Сенненшчыне пра народныя традыцыі. У ААТ «Сенненскі райаграсервіс» на полі непадалёк ад вёскі Каралевічы правялі абрад зажынак, на які запрасілі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Леаніда Хірэвіча, начальніка аддзела вытворчасці і збыту райсельгасхарчу Антаніну Сунцееву, іншых спецыялістаў раённых службаў.

  Арганізавалі і правялі зажынкі  работнікі раённага Дома культуры, раённага метадычнага цэнтра і ўдзельнікаў народнага ансамбля «Вечарынка» раённага метадычнага цэнтра. Старэйшыя ўдзельніцы фальклорнага гурта вёскі Запруддзе Зінаіда Васілёнак і Жанна Васілёнак зжалі першыя снапы пшаніцы, выканалі абрадавыя велічальныя песні ў гонар хлеба і хлебаробаў.

 Змяніўся характар працы на хлебным полі. Але не змянілася яе сутнасць, бо ад працы, па-ранейшаму, залежыць дастатак чалавека. Працай ацэньваецца след чалавека на зямлі.

 Звяртаючыся да камбайнераў, усіх удзельнікаў жніва, Леанід Хірэвіч прасіў і патрабаваў, каб усё, што вырашчана ў полі, было ўбрана да апошняга каласка. Пры гэтым нельга забываць аб правілах бяспекі, ахове працы, падкрэсліў ён.

 Каманду «па машынах» механізатарам даў Іосіф Свістуноў, дырэктар ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Для ўборкі сёлетняга ўраджаю ў акцыянерным таварыстве маецца 10 камбайнаў, усе яны адразу ўключыліся ў работу. А вось права намалаціць першы бункер збожжа  атрымаў Сяргей Кухто, які летась запісаў на свой камбайнерскі рахунак амаль 1000 тон збожжа. Сёлета механізатар спадзяецца пераўзысці мінулагодні вынік. Зрэшты, як і астатнія яго калегі. У райаграсервісе падабраны нядрэнны калектыў механізатараў, матываваных на высокі вынік. Камбайны своечасова падрыхтаваны да работы, а таму не павінны падвесці на працягу ўсяго жніва.

 Вынік працы на хлебным полі залежыць у значнай ступені і ад прыроды, вышэйшых сіл. Таму на зажынках прысутнічаў іерэй Сенненскай акругі Дзмітрый. Ён адслужыў малебен, у якім прасіў Бога дараваць хлебаробам добрае надвор’е, благаславіў людзей на працу.

 ААТ «Сенненскі райаграсервіс» — адзін з буйнейшых у раёне вытворцаў збожжа. Пад зерневымі і зернебабовымі культурамі занята 2247 гектараў зямлі. Абмалочаны першыя 46 гектараў, якія далі больш чым па 31 цэнтнеру збожжа.

Аляксандр ЛАЗЮК.

НА  ЗДЫМКАХ: спяваюць Зінаіда і Жанна Васілёнкі, памагай бог; Сяргей Кухто уручае зерне новага ўраджаю Леаніду Хірэвічу і Іосіфу Свістунову.

 Все материалы номера читайте в «ГС» за 27 июля 2012 года, №59

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *