Слова Купалы гучала ў Беліцы

На базе Полыменскай сельскай бібліятэкі прайшоў выязны семінар «Спявай, звіні Купалаўская ліра» для бібліятэчных работнікаў раёна. Выбар тэмы для абмеркавання  невыпадковы. Непрацяглы перыяд жыцця Янка Купала правёў у Беліцы ў маёнтку Свяцкіх. Да таго ж сёлета краіна адзначае 130-цігоддзе з дня нараджэння Купалы і Коласа.

 Расказала пра Купалу, пра значнасць яго творчасці ва ўсім свеце Таццяна Красноўская, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС. Бібліяграфічны агляд на тэму «Чытаем Купалу разам» зрабіла Вольга Пракаповіч, бібліёграф аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі. Яна пазнаёміла прысутных з навуковымі працамі літаратуразнаўцаў, якія займаліся вывучэннем творчасці класіка беларускай літаратуры. Падчас семінара супрацоўнікі бібліятэк абмяняліся вопытам работы па прапагандзе купалаўскіх твораў. Свае напрацоўкі па  тэме прапанавалі Святлана Ярохава (в.Сінягорскае), Ларыса Пагарэльская (в.Студзёнка), Таццяна Гарбачова (в.Ульянавічы). Удзельнікі пазнаёміліся і з інфармацыйнымі рэсурсамі Полыменскай сельскай бібліятэкі, падзяліліся прафесійнымі здабыткамі ў арганізацыі працы.

 Неафіцыйная частка праграмы семінара ўключала літаратурна-музычную кампазіцыю, падрыхтаваную загадчыцай мясцовай бібліятэкі Валянцінай Хірэвіч, бібліятэкарам школьнай бібліятэкі Галінай Пракоф’е­вай сумесна з загадчыцай сельскага клуба Валянцінай Бельскай, безумоўна, пры падтрымцы школьнікаў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці.

 Адной з асноўных архітэктурна-гістарычных  славутасцей Сенненшчыны з’яўляецца маёнтак Свяцкага, рэшткі якога яшчэ захававаліся. Для бібліятэкараў была арганізавана экскурсія да іх, якую правёў краязнаўца, настаўнік СШ №2 г.Сянно Васіль Бандарэвіч, які паведаміў  цікавыя малавядомыя гістарычныя факты з жыцця Купалы ў Беліцы.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Все материалы номера читайте в «ГС» за 27 июля 2012 года, №59