Хто адкажа за ахову працы

На адным з нядаўніх пасяджэнняў раённай камісіі па ахове працы разглядаліся вынікі работы мабі­льнай групы райвыканкама, якая кантралюе выкананне правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы на прадпрыемствах раёна.

У чэрвені члены групы пабывалі ў трох сельгаспрадпрыемствах — адкрытых акцыянерных таварыствах «Белая Ліпа», «Студзёнка», «Кругляны», наведалі будаўнічы аб’ект у в. Гара­дзец, дзе УП «Сяннобудмеліяводгас» вядзе работы па рэканструкцыі фермы ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

 У час азнаямлення са станам спраў было ўстаноўлена, што адміністрацыямі названых сельгаспрадпрыемстваў прыняты арганізацыйныя меры па стварэнні бяспечных умоў працы, захаванні працоўнага заканадаўства. Кіраўнікі, спецыялісты і члены камісіі па праверцы ведаў па ахове працы ААТ «Студзёнка», «Кругляны», «Белая Ліпа» праэкзаменаваны ў адпаведнай камісіі райсельгасхарчу і засведчылі сваю падрыхтаванасць.

 Выяўлены і сур’ёзныя недапрацоўкі. У прыватнасці, на фермах ААТ «Белая Ліпа» любы чалавек можа пранікнуць да электраабсталявання. Не ўсюды ёсць санітарна-бытавыя памяшканні. Там, дзе яны ёсць, пячное ацяпленне патрабуе рамонту. Каналы, па якіх выдаляецца гной, не ўсюды абсталяваны пераходнымі масткамі. Жывёлаводы могуць пацярпець і ад транспарцёраў, бо не ўсе іх раменныя перадачы абсталяваны ахоўнымі кожухамі.

 Рызыкуюць сваім здароў­ем і жыццямі механізатары акцыянернага таварыства. Яны не ў поўным аб’ёме забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Кран-балка ў майстэрні даўно не праходзіла выпрабаванне. Заправачная станцыя ГЗМ не абсталявана маланкаадводамі. Неабходна неадкладна абсталяваць боксы прыладай, якая не дазваляе варотам зачыняцца самаадвольна. Рэйдавая група забараніла эксплуатацыю аднаго з трактараў К-700. Як заўважыла Юлія Ільючэнка, кіраўнік мабільнай групы, такі стан спраў з аховай працы ў ААТ «Белая Ліпа» абумоўлены адсутнасцю ў гаспадарцы спецыяліста ў сферы аховы працы. Кіраўніку ААТ «Белая Ліпа» рэкамендавана ўкамплектаваць прадпрыемства спецыялістам, які будзе адказваць за ахову працы.

 Калі рэйдавая група райвыканкама завітала да будаўнікоў УП «Сяннобумеляводгас», тыя працавалі без касак. Работы на вышыні вяліся без нарада-допуску, рабочыя не мелі на сабе страховачных паясоў, на аб’е­кце выкарыстоўвалася лесвіца, выпрабаванне якой не праводзілася. І гэта толькі самыя грубыя парушэнні правілаў аховы працы.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *