Што перашкаджае “малочным рэкам” набраць сілу на Сенненшчыне?

Сёння самая складаная абстаноўка з вытворчасцю малака ў камунальным сельскагаспадарчым прадпрыемстве імя Гараўца. Супраць мінулага года па валу гаспадарка штодзень не дадае амаль паўтары тысячы кілаграмаў малака пры сярэднесутачным надоі на карову нямногім больш сямі літраў. Самы нізкі надой у раёне. Менш 10 кілаграмаў малака ад каровы дояць  у ААТ «Пурплева», «Кругляны», «Какоўчына» і УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

 Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, безумоўна, імкнуцца выявіць прычыны, што вядуць да спаду вытворчасці, і прыняць адпаведныя меры да выпраўлення становішча.

 — Пры аналізе паказчыкаў жывёлагадоўлі КУСГП імя Гараўца, — расказвае першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Раіса Маісеева, — склалася ўражанне, што тут практычна не дбаюць аб тым, каб жывёлу штодня накарміць у поўным аб’ёме. Калі б не ішла корманарыхтоўка, то невядома ці знайшоў бы ў кармушцы травіну: косяць у траншэю, прывязуць — і ў стойла, не косяць — і ў кармушцы пуста.

 Жывёла, якая знаходзіцца ў стойле, корміцца сенажом, хаця рэкамендавана рыхтаваць кармасумесі: 50 % зялёнай масы і 50 % кукурузнага сіласу.

 І  другі момант. Пагалоўе павінна рухацца, а не мацавацца ланцугом.

 Апошнім часам трывогу выклікае і нізкая прадуктыўнасць груп раздою, што таксама звязана з  кармленнем. Напрыклад, у ААТ «Бяленева» першацёлкі не спажываюць спецкамбікармы. А мука ўласнага размолу не дае чакаемай аддачы, як і зялёная маса з траў першага ўкосу.

 У ААТ «Сінягорскае» не толькі ўволю не могуць накарміць жывёлу, але і напаіць. Восем гуртоў забяспечвае вадой адзін трактар. Здарылася нешта непрадбачнае і ў карытах суха. Ёмістасці, ўстаноўленыя на выгане, ледзьве можна перасоў­ваць па полі.

 Недакармліваюцца групы раздою і ў Аўчынкава. У кармушках — адзін кукурузны сілас, або — адна агрубелая маса з траў першага ўкосу. Аб нейкай яе пажыўнасці сёння ўжо і размову весці не варта. Кармасумесі не рыхтуюцца. Жывёла на прывязі і не карыстаецца рэгулярнымі прагулкамі.

 Пачалі здавацца пазіцыі і па якасці малака. Вада для мыцця малочнага посуду той тэмпературы, да якой сонца нагрэла (Оўсішча УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава»).

 На ферме Кавалькі (ААТ «Сінягорскае») не падключаны халадзільнік. А адзін малакавоз ад шасці дойных гуртоў не паспявае своечасова сабраць малако і адвезці яго на ферму Бор.

 Нямала жывёлы з хворымі канечнасцямі ў гуртах, што выпасаюцца, утрымліваюцца ў стойлах. Ад такога пагалоўя таксама нельга чакаць высокай прадуктыўнасці. Гэта вынік нерацыянальнага кармлення, высокай кіслотнасці травяністага фуражу.

 Для павышэння прадуктыўнасці кароў трэба часцей мяняць пашу, загоны. У некаторых жа пастухоў выпрацаваўся стэрэатып: карова  ляжыць у загоне, значыць — сытая. Нярэдка яна ляжыць таму, што ёй няма чаго скубсці.

 На першы погляд пралікі, пералічаныя вышэй, у арганізацыі пашавага ўтрымання жывёлы ні такія ўжо і сур’ёзныя, нібы тыя ручаіны. А менавіта вось з такіх «дробязяў ручаін» і складаецца малочная рака, якая ўжо, наўрад, ці будзе роўнай з берагамі. Час вялікага малака на зыходзе. А гэта сведчыць  аб тым, што магчымасць выйсці на прагнозны паказчык па валавай вытворчасці малака ўпушчана. І прагноз у 20 % росту супраць мінулага года акажацца міражом.

Міхаіл Бялоў.