Сенненскі раён гэтым летам стаў пляцоўкай для практыкі некалькіх груп студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава

 Будучыя філолагі, якія сумяшчаюць мовазнаўства з журналістыкай, а пакуль першакурснікі факультэта беларускай філалогіі,  у наваколлі Сянна запісвалі песні, прымаўкі, паданні, іншыя творы вуснай народнай творчасці. У адзін з дзён яны наведваліся ў рэдакцыю, дзе азнаёміліся з умовамі работы  журналістаў нашага выдання, пагутарылі з супрацоўнікамі рэдакцыі.

 Студэнты першага курса гістарычнага факультэта, якія праходзілі гісторыка-краязнаўчую практыку, таксама пабывалі на Сенненшчыне. Як паведаміў адзін з іх, наш зямляк, Аляксандр Бараноўскі, азнаямляльная экскурсія прайшла па Машканах, «кузні герояў», і бліжэйшых вёсках, мясцінах, дзе прайшло дзяцінства Пятра Машэрава, іншых знакамітых людзей.

 Цягніком студэнты з Віцебска даехалі да станцыі Лычкоўская, куды, па ўспамінах Пятра Міронавіча, малодшыя Машэравы прыносілі на продаж суніцы, чарніцы, грыбы. Далей практыканты рухаліся пешшу і першы прыпынак зрабілі непадалёк ад вёскі Шыркі, на месцы, дзе некалі стаяла хата Машэравых, а зараз устаноўлены помнік у гонар кіраўніка БССР. Да памятнага знака былі ўскладзены палявыя кветкі.

 У пачатку вёскі Александрыя студэнтаў уразіў дуб-волат. Каб яго абхапіць не хапіла рук трох чалавек. «Дуб мае поўнае права на статус помніка прыроды», — лічыць Аляксандр Бараноўскі. Ну а пакуль, каб агледзець дрэва, студэнтам давялося прадзірацца праз зараснікі крапівы.

 У вёсцы Обаль стаіць паўразбураная царква, пабудаваная ў канцы 19 стагоддзя. На думку Аляксандра Бараноўскага, ёй таксама патрэбна дапамога людзей у выглядзе рамонтна-будаўні­чых і рэстаўрацыйных работ.

 У Машканах студэнты перш-наперш пабывалі ў музеі мясцовай школы. Яна носіць імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Гараўца, лётчыка, які ў адным баі збіў 9 варожых самалётаў. Яшчэ адзін лётчык-герой Іван Камінскі вучыўся ў Машканскай школе, як і Пётр Машэраў, Анатоль Вялюгін, Заір Азгур. Менавіта да лёсаў гэтых людзей маюць дачыненне большасць школьных музейных экспанатаў, аб’яднаных у 11 раздзелаў. Самалёт ЯК-18, што ўстаноўлены ля школы, таксама даніна павагі  героям. Пазначана агароджай месца, дзе некалі стаяла хата, у якой нарадзіўся і вырас Гаравец.

 Шануюць у Машканах не толькі сваіх герояў. На тэрыторыі вёскі непадалёк ад рэчкі ўстаноўлены  помнік савецкім байцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут завершылася вучэбная частка падарожжа-экскурсіі студэнтаў. І пачалася іншая, але неад’емная частка студэнцкага быцця — адпачынак ля кастра, песні пад гітару…