Тры дні і вы — сям’я

Лета — самы час для шлюбаў. Магчыма таму пытанні, з якімі звярталіся на чарговую «прамую лінію» да Вольгі Мялешка, начальніка аддзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама, і тычыліся рэгістрацыі заключэння шлюбаў. 

   Хачу ўступіць у шлюб, аднак маёй дзяўчыне яшчэ няма 18 гадоў. Ці патрэбна на рэг страцыю шлюбу згода бацькоў?

  — Па-першае, для заключэння шлюбу патрэбны не толькі ўзаемная згода маладых, але і дасягненне імі шлюбнага ўзросту. У нашай краіне шлюбны ўзрост — з 18 гадоў. Толькі ў выключных выпадках, такіх як цяжарнасць, нараджэнне дзіцяці, а таксама ў выпадку аб’яўлення непаўналетняга поўнасцю працаздольнымі, орган ЗАГС зможа знізіць шлюбны ўзрост. Гэта робіцца па заяве маладой пары. Пры гэтым згода бацькоў не патрэбна.

  Пры заключэнні шлюбу хачу захаваць сваё  дзявочае прозвішча і ўзяць прозвішча жаніха. Але тады маё будучае прозвішча ат рымаецца трайным, бо ў жаніха яно ўжо двайное.

  — Згодна з арт.20 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і муж і жонка альбо адзін з іх могуць выбраць прозвішча, якое складаецца з сваіх дашлюбных прозвішчаў. Аднак злучэнне больш двух не дазваляецца.

   Ці магчымы шлюб з траюрадным братам?

  — Забараняюцца шлюбы паміж сваякамі па прамой узыходнай і сыходнай лініі, паўнароднымі і непаўнароднымі братамі і сёстрамі, а таксама ўсынавіцелямі і ўсыноўленымі. Сваякамі па прамой лініі з’яўляюцца бацькі, дзеці, унукі, дзед і бабка. Паўнароднымі лічацца браты і сёстры, у якіх агульныя бацькі, непаўнароднымі — у якіх толькі агульны бацька альбо маці. Аддаленае сваяцтва не з’яўляецца перашкодай для шлюбу. Напрыклад, шлюбы паміж дваюраднымі і траюраднымі братамі і сёстрамі, а таксама зводнымі, не забараняюцца.

  Чуў, што зараз можна ажаніцца ў 3-х дзённы тэрмін. Гэта так?

 — Пакуль не. Толькі з 24 ліпеня бягучага года ўступіць у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс РБ аб шлюбе і сям’і», які дазволіць на трэці дзень пасля падачы заявы, па жаданні маладых, зарэгістраваць іх шлюб.

Ала ЯКАЎЛЕВА.