Сцёкі машканскага свінакомплексу трапілі ў Абалянку

У выніку рэзкага выпадзення атмасферных ападкаў недалёка ад аграгарадка Машканы адбыўся прарыў дамбы аднаго з рэзервуараў асветленых сцёкаў(РАС) свінагадоўчага комплексу ДП «Саўгас імя Машэрава».

  Арганічная маса аб’ёмам 1000 куб.м вылілася на сельскагаспадарчае поле са шматгадовымі травамі, потым праз меліярацыйную сістэму каналаў працягласцю пяць кіламетраў трапіла ў раку Абалянка. І хаця большая частка сцёкаў асела ў шматгадовых травах, пацярпелі і рыбныя запасы ракі, пагоршылася якасць вады.

 На месца здарэння прыбыла раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з прадстаўнікамі Міжраённага лабараторна-аналітычнага кантролю (МЛАК) г.Орша і інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

 Адміністрацыяй гаспадаркі былі прыняты экстранныя меры па лакалізацыі прарыву сцёкаў: найбольш вузкае месца паступлення сцёкаў у канал праз поле было абвалавана, сам прамыў дамбы засыпалі грунтам. Супрацоўнікамі МЛАКа былі ўзяты пробы вады ў сямі кропках ракі. Уласнымі сіламі машэраўцы з дапамогай супраоўнікаў РАНС здзяйснялі адкачку вады з перакрытых каналаў. Зроблена дадатковае ўмацаванне прарванай часткі дамбы РАСа, праводзіцца маніторынг вады ў каналах, абследаваны астатнія рэзервуары.  

  Агульны ўрон, нанесены прыродзе, удакладняецца інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэ­зідэнце Рэспублікі Беларусь. Вінаватыя асобы будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

 Ірына ГАРБАЧОВА.