Сенненскія школьнікі мяняюць вольны час на працоўныя будні

“Лепш справай займацца, чым дома сядзець”, – так абгрунтавала свой намер уладкавацца на працу шаснаццацігадовая Віялета Гарадзецкая з Сянна. Вучаніца адзінаццатага класа працуе памочнікам прадаўца ў магазіне «Гаспадарчыя тавары». У абавязкі дзяўчыны ўваходзіць раскладка тавараў, выстаўленне цэннікаў, кансультацыя пакупнікоў. Па словах Віялеты, толькі з яе класа сумясціць  летні  адпачынак з працоўнымі буднямі выказалі жаданне шэсць чалавек. 

 Матэрыяльная забяспечанасць — асноўная матывацыя школьнікаў у выбары падобнага правядзення часу. Па дамоўленасці з наймальнікам непаўналетнія работнікі замест адведзеных 4 гадзін, працуюць усе 7-8. Адпаведна і аплачваецца такое працалюбства ў двайным памеры. Хтосьці адкладвае на камп’ютар, а нехта — на абноўку.

Сёлетні год у выпускніцы 11 класа СШ №2 г.Сянно Кацярыны Дзедуновай быў напружаным. Яшчэ на памяці хваляванні падчас школьных экзаменаў, ЦТ. Здаецца, самы час адпачыць і набрацца сіл. Тым не менш, будучы інжынер-праграміст змяніла пляж на прылавак і асвойвае працу памочніка прадаўца ў гандлёвым цэнтры «Кантынент». А заадно зарабляе свой першы капітал, які, для цяпер ужо студэнткі, будзе не лішнім.

 Летняя занятасць — гэта не толькі ўласныя грошы і альтэрнатыва бадзянню па вуліцы. Вывучэнне на практыцы  выгоды той ці іншай прафесіі дазволіць школьнікам зарыентавацца ў спецыяльнасцях і спыніць свой выбар на тым, што будзе па душы. Ды і для прадпрыемстваў, што бяруць да сябе падлеткаў, гэта добрая магчымасць падрыхтаваць будучыя кадры, пачынаючы, як кажуць, са школьнай парты. 

 Гандаль, будаўніцтва, лясная і сельская гаспадаркі — вось тыя сферы, якія пастаянна маюць патрэбу ў дадатковай працоўнай сіле, і дзе могуць прыкласці намаганні юныя кадры.

 Аднакласнікі Аляксандр Казлоўскі і Мікіта Высоцкі — ўпершыню на будоўлі. Праўда, апошні летась рупіўся памочнікам прадаўца, на гэты раз вырашыў паспрабаваць сябе ў сапраўднай мужчынскай прафесіі. Прараб ПМК-64 Леанід Атрошкін аб хлопцах адзываецца добрым словам. Каб усе, хто прыходзіць да іх, былі такімі, кажа Леанід Канстанцінавіч. Працы ў падсобных рабочых дастаткова: дзе смецце ўбраць, дзе паднесці інструменты, матэрыялы. Часовыя «настаўнікі» вучаць асновам будаўнічага рамяства — муляра, тынкоўшчыка, маляра і інш. У жыцці такая навука спатрэбіцца.

 Усяго ў раёне з пачатку лета працаўладкавана звыш 120 школьнікаў. Найчасцей бяруць юных работнікаў райспажыўтаварства, ПМК-64, Багушэўскі лясгас, сельгаспрадпрыемсты  «Бяленева», «Студзёнка», «Сенненскі райаграсервіс». 

 Працаўладкаваннем непаўналетніх і студэнтаў у нашым раёне займаюцца райкам ГА «БРСМ» і ад­дзел па справах моладзі райвыканкама. Плюсы тут відавочныя. Уладкаванне праз БРСМ вызваляе ад падаходнага падатку, а таксама ад платнага праходжання абавязковай медкамісіі. Ды і працоўнае месца самому шукаць не прыйдзецца. «Прынамсі, ніводны, хто звяртаўся да нас, не застаўся без справы, — кажа Марына Наваковіч, начальнік аддзела па справах моладзі. — Мы выступаем своеасаблівымі пасрэднікамі паміж наймальнікамі і падлеткамі: знаходзім вакансіі, дапамагаем вырашаць пытанні аплаты, праводзім рэйды з мэтай даведацца аб умовах працы і адпачынку нашых работнікаў».

 Працоўны семестр на Сенненшчыне, тым часам, працягваецца. Тых, хто жадае падзарабіць у апошні месяц лета, чакаюць у РК ГА «БРСМ». У жніўні ў раёне стартуе аперацыя «Каласок», таму асноўны працоўны наплыў чакаецца ў сельгаспрадпрыемствах.

Вольга БАНДАРЭВІЧ