Дзіцячы сад да новага навучальнага гатовы!

Сёлета дзіцячы садок №2 г.Сянно «Вясёлка» папоўніўся на 48 малышоў узростам ад 2 да 3 гадкоў. Зараз можна сцвярджаць: дашкольная ўстанова цалкам укамплектаваная. Яе наведваюць каля 150 дзетак. І супрацоўнікі садка, і бацькі выхаванцаў упэўнены, што іх хлопчыкам і дзяўчынкам будзе тут вельмі ўтульна. Прынамсі, дарослыя пастараліся зрабіць усё дзеля гэтага. А што менавіта, нам расказала загадчыца «Вясёлкі» Наталля Целепнева.

 Так, былі праведзены капітальны рамонт даха, хімпрамыўка сістэмы ацяплення, поўнасцю заменены кухонны посуд. Актыўную дапамогу ў рамонтных работах аказаў раённы аддзел адукацыі. Не засталіся ўбаку і бацькі выхаванцаў. За іх кошт зроблены касметычны рамонт ва ўсіх групавых памяшканнях. Дзеля чаго былі закуплены фарба, шпалеры. Асаблівую падзяку калектыў установы выказвае намесніку старшыні райвыканкама і адначасова самаму актыўнаму члену папячыцельскага савета Генадзю Сабынічу.

 З неабходных бытавых рэчаў набыты посуд, дывановыя дарожкі, прынтэр. Радасць дзеткам прыносяць сухі басейн і фітболы (вялізныя мячы), закупленыя сёлета. Ды і ранішнюю зарадку малышам цяпер будзе рабіць зручней на новых гімнастычных дыванках.

 Змены закранулі і прысадавую тэрыторыю. Цяпер, не выходзячы за яе межы, маленькія сенненцы маюць магчымасць гуляць у сапраўдным лесе. У лясным куточку расце каля 18 відаў дрэваў і кустоў. Упрыгожваюць тэрыторыю ружы і дэкаратыўныя туі. У хуткім часе будзе пабудавана новая зона адпачынку. Неабходныя для яе, а таксама для метэапляцоўкі, будаўнічыя матэрыялы прадаставіла ДЛГУ «Багушэўскі лясгас».

 Напрыканцы Наталля Алегаўна ад імя ўсяго калектыву падзякавала ўсім, хто прымае самы непасрэдны ўдзел у жыцці садка: раённаму аддзелу адукацыі, папячыцельскаму савету, спонсарам. Гэта уклад не толькі ў садок, гэта ўклад у нашу будучыню.

Вольга Бандарэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *