Вылучаны кандытат у дэпутаты па Сенненскай выбарчай акрузе
Калектыў ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» вылучыў кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання па Сенненскай выбарчай акрузе № 30. Ім стаў Аляксандр Папкоў, які прадстаўляў рэгіён у вышэйшым заканадаўчым органе краіны чацвёртага склікання.
На канферэнцыі прысутнічалі 53 дэлегаты ад 324 членаў працоўнага калектыву. Мясцовую ўладу прадстаўлялі Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, і Любоў Трубека, старшыня выканкама Багушэўскага пасялковага Савета дэпутатаў.
Прапанову аб вылучэнні Аляксандра Папкова ў якасці кандыдата ў дэпутаты на разгляд дэлегатаў канферэнцыі ўнёс дырэктар лясгаса Віталь Марцынкевіч. Ён азнаёміў прысутных з біяграфіяй свайго вылучэнца, заклікаў калег падтрымаць прапанову. Што і зрабілі іншыя члены калектыву. Да іх далучыліся прадстаўнікі мясцовай улады.
У прыватнасці, Любоў Трубека нагадала землякам, што з дапамогай Аляксандра Папкова ўдалося абмежаваць доступ хворых з аткрытай формай туберкулёзу ў грамадскія месцы Багушэўска, адрамантаваць і ўкамплектаваць сучасным абсталяваннем паліклініку, заасфальтаваць шэраг вуліц, вырашыць праблему газіфікацыі ўсходняй часткі гарпасёлка. На думку Л. Трубека багушэўцы, жыхары Сенненскага, іншых раёнаў, што ўваходзяць у склад выбарчай акругі № 30, калі выберуць сваім прадстаўніком у вышэйшым заканадаўчым органе краіны Аляксандра Папкова, у далейшым могуць разлічваць на дапамогу чалавека, які мае вопыт работы на пасадах рознага ўзроўню — ад кіраўніка сельгаспрадпрыемства да намесніка прэм’ер-міністра.
Зрэшты, прадстаўнікам мясцовай улады працаваць з Аляксандрам Папковым няпроста. Яго дэпутацкая работа носіць прадметны характар, вядзецца ў інтарэсах выбаршчыкаў. Нездарма на прыём да яго заўжды прыходзіць шмат людзей.
Аляксандр Папкоў за апошнія 4 гады добра вывучыў праблемы рэгіёна. А таму пасля таго, як удзельнікі канферэнцыі прагаласавалі за яго вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты, не хаваў над чым ён збіраецца працаваць у акрузе. Для багушэўцаў і жыхароў навакольных вёсак актуальна будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі. У бліжэйшыя гады будуць пачаты работы па добраўпарадкаванню Сянна і Талачына. Пра гэта нядаўна заявіў і старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец. Кандыдат эканамічных навук Аляксандр Папкоў абяцае актыўна працаваць у законатворчай сферы, якая з’яўляецца галоўнай у дзейнасці дэпутата.
Аб іншых сваіх планах Аляксандр Папкоў будзе расказваць выбаршчыкам акругі ў час перадвыбарчых сустрэч у калектывах, на старонках мясцовага выдання.
Аляксандр ЛАЗЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час работы канферэнцыі працоўнага калектыву ДЛГУ «Багушэўскі лясгас».