Ад вядра – да малакапровада. Як вядзецца рэканструкцыя ферм на Сенненшчыне

У рамках Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны на 2010-2015 гадыі вядзецца ў сельгасарганізацыях  высокатэхналагічнае будаўніцтва  малочнатаварных ферм.

  Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня гэтага года №62 «Аб рэканструкцыі і капітальным рамонце малочнатаварных ферм у 2012 годзе» раёну зацверджаны пералік адзінаццаці ферм, належачых рэканструкцыі: Ульянавічы, Латыгава, Савінічы, Пурплева, Івоні, Дубаўцы, Цэнтр (Полымя), Оўсішча, Ског, Машканы, Казлоўка.

 На ўсе аб’екты падрыхтавана праекта-каштарысная дакументацыя праектным бюро Сенненскага раёна і на пяць аб’ектаў ААТ «Віцебскградапраект». Агульны кошт аб’ектаў складае 25,3 міль­ярда рублёў. Крыніцы фінансавання: сродкі абласнога бюджэту — 13,3 млрд  руб­лёў; раённага — 1 млрд. рублёў; уласныя сродкі — 2,5 млрд рублёў і сродкі інвестараў — 3,7 млрд.

 Аднак  і тут не ўсё так гладка. З прадугледжаных 13,3 млрд рублёў з абласнога бюджэту раёну выдзелена 2,7 мільярда. Пытанне фінансавання астатняй сумы  застаецца адкрытым, таму прапрацоўваецца магчымасць атрымання крэдытных сродкаў у ААТ «Белгазпрамбанк».

 Будаўніча-мантажныя работы на ферме Цэнтр УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» вядзе УП «Сенненская ПМК-64», на астатніх — гаспадарчым спосабам.

 На аб’ектах заняты каля ста чалавек, амаль столькі чакаецца студатрадаўцаў.

 Для выканання работ аб’екты ў межах 60 % забяспечаны цэментам, шыферам,  больш як на 100 % лесаматэрыялам.

 Пасля рэканструкцыі на гэтых фермах узрасце колькасць утрымліваемай жывёлы, прадуктыўнасць кароў чакаецца на ўзроўні 5000 кілаграмаў малака.

 Да мадэрнізацыі дойка ва ўсіх названых фермах ажыц­цяўлялася ў даільныя вёдры, пасля рэканструкцыі будуць устаноўлены малака­пра­воды, пабудаваны  малочныя блокі і прафілакторыі, добраўпарадкавана тэрыторыя. У мадэрнізацыі ферм некалі разлічаных на сто галоў жывёлы сёння вырашана пайсці далей: каля кожнай будзе пабудаваны арачнік для сухастойных кароў, нецеляў на 200 галоў. Такім чынам ферма ў 300 галоў жывёлы — гэта ўжо вытворчасць, дзе можна ўкараніць многія інавацыйныя прыёмы работ. На будаўніцтва арачнікаў банкамі будзе прадстаўлены крэдыт у суме 29 млрд рублёў.

 Самая высокая гатоўнасць аб’ектаў сёння ў ААТ «Ульянавічы» і  ААТ «Сенненскі райаграсервіс» (Казлоўка) — 70 %. Астатнія фермы гатовы на 30-50 %. А часу да стойлавага ўтрымання жывёлы застаецца ўсё менш. Таму кіраўнікам гаспадарак, нягледзячы на занятасць з уборкай ураджаю, праблемы жывёлагадоўлі ніяк нельга выпускаць з поля зроку ні на адзін дзень, бо ў верасні ўсе аб’екты павінны прыняць пагалоўе.

Міхаіл БЯЛОЎ.

Чытаць цалкам  у “ГС” №57, за 21 ліпеня 2012 года