Сенненская – значыць, натуральная
Каўбасны цэх ККП райспажыўтаварыства пастаўляе свае вырабы на прылаўкі магазінаў раёна. Яго прадукцыя мае свайго спажыўца. А пасля набыцця новага мясаперапрацоўчага абсталявання цэх значна палепшыў якасць і пашырыў асартымент выпускаемай прадукцыі.
У мінулым годзе, дзякуючы падтрымцы раённага кіраўніцтва, райспажыўтаварыства атрымала льготны крэдыт на набыццё сучаснага абсталявання. Кутар, ін’ектар і вытворчы стол абышліся ў 683 млн рублёў.
З ін’ектарам для напаўнення мяса расолам пры вырабе вэнджаніны павялічылася эфектыўнасць выкарыстання сыравіны. А з дапамогай кутара палепшылася якасць фаршу для вырабу розных сартоў каўбас.
Сучаснае абсталяванне дало магчымасць распрацоўваць новыя рэцэпты сенненскіх каўбас. У выніку, асартымент павялічыўся да 20 відаў. «Машэраўская «, «Пламенская», «Браўншвейская», «Маскоўская», «Крамлёўская пікантная» хутка разыходзяцца з паліц магазінаў. Асобым попытам карыстаюцца сасіскі «Сінягорскія». Практычна ўся прадукцыя ідзе без дабавак, у натуральнай абалонцы.
«Сёння цэх працуе на фінансавы вынік, — расказвае Марыя Хвошч, начальнік аддзела прамысловасці. — У залежнасці ад попыту штомесячна плануецца выпуск таго ці іншага віду каўбас. У чэрвені вытворчасць мясных паўфабрыкатаў склала 9 тон, каўбасных вырабаў — 7,2. Гэта добры вынік».
Цэх мог бы выпускаць больш прадукцыі, бо яго магутнасць складае 800 кг прадукцыі ў суткі. Аднак для гэтага трэба мець больш сыравіны, шукаць рынкі збыту. Пакуль цэх працуе на заказ, які даводзіць райспажыўтаварыства.
Матэрыяльная база цэха паступова пашыраецца. Надаўна набылі маразільную камеру. У хуткім часе яе ўстановяць, што дазволіць раўнамерна замарожваць паўфабрыкаты.
Выпуск мясной прадукцыі пашырыцца, калі набыць лёдагенератар, таксама адзначыла Марыя Мікалаеўна. Ён вырабляе дробназярністы лёд з тэмпературай ад 0 С да -10 С, што ідэальна падыходзіць для працэсу вырабу вяндліны. Старое абсталяванне не дае патрэбнага эфекту, таму выпуск вэнджаных курэй, кумпячкоў, ахалоджаных вырабаў наладжаны ў невялікай колькасці.
Практычна ўся прадукцыя цэха паступае на прылаўкі харчовых магазінаў раёна. Добра ідзе продаж мясных паўфабрыкатаў на Полацкім рынку ў Віцебску. Каўбасы пастаўляюць на некаторыя прамысловыя прадпрыемствы вобласці.
Сенненскія прысмакі канкурыруюць на рынку мясных і каўбасных вырабаў. Іх галоўныя козыры — якасць і прымальны кошт. Яны дазваляюць райспажыўтаварыству наладжваць шырокі знешні гандаль, шукаць новыя рынкі збыту.
P.S. Дарэчы, выраб мясной і каўбаснай прадукцыі наладжаны ў 9 раёнах Віцебскай вобласці.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: свежыя каўбаскі прадстаўляе майстар цэха Фаіна Гузава (справа), пад кіраўніцтвам якой зладжана працуе калектыў у колькасці васьмі чалавек.