За шэсць месяцаў кляшчы пакусалі амаль 100 сенненцаў. Двое захварэлі на барэліёз

Згодна з інфармацыяй, атрыманай з ДУ «Сенненскі РЦГЭ», за дапамогай да медыкаў у сувязі з укусамі кляшчоў за першае паўгоддзе звярнулася 99 сенненцаў, у тым ліку 31 дзіця. Станоўчыя вынікі на інфекцыю пасля лабараторнага даследавання ўстаноўлены ў 6 дарослых і 2 дзяцей. Статыстыка сведчыць, што каля 30 % насякомых з’яўляюцца носьбітамі такога захворвання як Лайм-барэліёз, 10 % — клешчавога энцэфаліту. Скажам больш, сёлета два жыхары раёна захварэлі на барэліёз.

 Іксоідныя кляшчы ўяўляюць небяспеку і для хатняй жывёлы, таму што з’яўляюцца носьбітамі ўзбуджальніка піраплазмоза (бабезіёза — па міжнароднай класіфікацыі) — захворвання, шырока распаўсюджанага сярод хатняй жывёлы.

   — Асабліва часта ад яго церпяць сабакі, у тым ліку тыя, што жывуць у гарадскіх кватэрах, — расказвае Міхаіл Шынкевіч, загадчык гарадскога ўчастка Сенненскай райветстанцыі.

  — Для чалавека піраплазмоз небяспечны?

  — Людзі, на шчасце, на піраплазмоз не хварэюць, але пра хваробу чалавеку ўсё ж трэба ведаць.

 — Тады раскажыце пра яе крыху…

 — Узбуджальнікі піраплазмоза спецыфічныя для кожнага віда жывёлы. Сабакам яны перадаюцца, напрыклад, пры ўкусе кляшча. Трапіўшы ў кроў, паразіты пачынаюць хутка размнажацца, пашкоджваць эрытрацыты. На сабак кляшчы нападаюць пераважна вясной і восенню, таму і пік за­хворванняў на піраплазмоз прыпадае на гэты перыяд.

 У апошнія гады, калі зімы сталі насіць мяккі характар, нападзенне кляшчоў і захворванне сабак рэгіструюцца ўжо ў лютым. Павялічылася колькасць небяспечных для людзей і жывёлы насякомых у гарадскіх парках, скверах, нават палісадніках вакол жылых дамоў.

  Піраплазмоз стаў сур’ёзнай праблемай для сабакаводаў, асабліва тых, што трымаюць завезеных экзатычных сабак, якія дрэнна адаптаваны для мясцовых умоў. Пачасціліся выпадкі нетыповага праяўлення хваробы, яе сумяшчэнне з іншымі інфекцыйнымі захворваннямі, што нярэдка прыводзіць да лятальнага зыходу.

 Інкубацыйны перыяд хваробы складае 6-10 сутак, іншы раз — 20-30. Захворванне характарызуецца рэзкім павышэннем тэмпературы цела да 40-41 градусаў С, поўнай адсутнасцю апетыту, прыгнечаным станам, пачашчаным дыханнем і сэрцабіццём. Часта наглядаецца ванітаванне, крывавая мача.

 — Сабака, якая перахварэла на піраплазмоз, набывае імунітэт?

 — Толькі на кароткі час. Пазней сабакі могуць зноў заражацца ад укусаў кляшчоў. Захворванне можа працякаць у больш лёгкай форме, аднак і яно нярэдка заканчваецца лятальным зыходам. Усё гэта дазваляе гаварыць аб тым, што асноўным спосабам барацьбы з хваробай з’яўляецца прафілактыка.

 — Як яе праводзіць?

 —  Да прафілактычных мерапрыемстваў адносіцца супрацьпаразітарная апрацоўка спецыяльнымі спрэямі, напрыклад, «франтлайн» і выкарыстанне ашыйнікаў ад эктапаразітаў. Уладальнікам паляўнічых сабак рэкамендуецца адначасова прымяняць супрацьпаразітарныя ашыйнікі і апрацоўку спрэямі. Спрэй трэба распыляць спачатку супраць шэрсці сабакі, затым па шэрсці, асабліва звяртаючы ўвагу на апрацоўку паха, шыі, жывата. Пры гэтым неабходна сачыць, каб спрэй не трапляў у вочы, пашчу сабакі. Пасля вяртання з прагулкі сабаку трэба ўважліва аглядаць, выдаляць знойдзеных кляшчоў. Асабліва ўважліва аглядайце вушы, шыю, вобласць паха.

 Ёсць і больш надзейны спосаб абараніць сябра чалавека ад піраплазмоза — вакцынацыя. Пасля яе правядзення ў сабакі на год выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт.

 Хачу заўважыць, што недалечаныя і хранічна хворыя сабакі могуць да канца жыцця заставацца носьбітамі піраплазмоза і заражаць імі іншых сабак праз кляшчэй. Пры падазрэнні на захворванне сабакі на піраплазмоз неабходна неадкладна звяртацца ў клініку ветэрынарнай медыцыны.

Падрыхтаваў Аляксандр ЛАЗЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *