Навошта нам бераг турэцкі. Расіяне аддаюць перавагу адпачынку па-сенненску

Масквічка Яўгенія з нядаўняга часу перад усімі  заморскімі «егіптамі» і «турцыямі» аддае перавагу адпачынку на ўлонні некранутай сенненскай прыроды. Любімы курорт яе сям’і размяшчаецца ў вёсцы Літусава Какоўчынскага сельсавета.

 У агратурыстычным бізнэсе Аляксандр Барысёнак усяго тры гады. Ідэя ўзнікла не на голым месцы. У Барысёнкаў вялікая гаспадарка: паляўнічыя ўгоддзі, норкавая звераферма, сабачы гадавальнік, дзе вырошчваюць адмысловых лаек. А значыць, ёсць  чым зацікавіць любога турыста.

   Сядзіба «Барысёнак А.К.» размясцілася на ўскрайку лесу. Тут і жыватворны пах хвойных фітанцыдаў, і экалагічна чыстыя грыбы-ягады. Любімцамі дзяцей  сталі дзікія качкі, гусі, лебедзі, якія «на пастаяннай аснове» аблюбавалі штучныя сажалкі на падворку.

 Рыбалка і паляванне — галоўныя турыстычныя паслугі, якія аказваюцца на аграся­дзібе. У вялікім вадаёме гаспадаркі  разво­дзяць карпаў. Ды і аматары папаляваць з пустымі рукамі не вернуцца. Аляксандр Канстанцінавіч — сам знаўца палявання і паляўнічых сабак. Сцены катэджа ажно да столі ўпрыгожаны дыпломамі і кубкамі, атрыманымі на спаборніцтвах яго гадаванцамі — лайкамі. Пра паляўнічы поспех сведчаць і багатыя трафеі, што служаць убраннем дома: скуры ваўкоў, мядзведзяў, чучалы дзікіх жывёл і птушак.

  — Жадаючых адпачыць у нашай аграсядзібе дастаткова, — прызнаецца Аляксандр Канстанцінавіч, — тэлефануюць пастаянна, але, на жаль, размясціць усіх мы не можам па прычыне недахопу месцаў.

 Зараз у планах гаспадара аграсядзібы пабудаваць два гасцявыя дамы, каб як мага больш турыстаў змагло ацаніць адпачынак па-сенненску.             

Вольга БАНДАРЭВІЧ.