Наступствы ўрагану на Сенненшчыне ліквідавалі некалькі сутак

  Два дні над Сенненшчынай праходзілі кароткія навальнічныя дажджы, якія суправаджаліся шква­лістым узмацненнем ветру. Ламала дрэвы,  з хат, гаспадарчых пабудоў  зрывала дахавае пакрыццё. Але вялікіх эканамічных страт раён не панёс. На шчасце, абышлося без ахвяр.

 Як паведамілі рэдакцыі ў раённым аддзеле надзвычайных сітуацый, 9 ліпеня ў ААТ «Белая Ліпа» на дзвюх фермах сарвала па 40-50 лістоў шыферу. У вёсцы Літусава на прыватным доме ўпаў комін, у якасці якога выкарыстоўвалася азбестацэментная труба, і пабіў некалькі лістоў шыферу. Раскрыла дах на цялятніку і малочным блоку МТФ “Літусава” . У Някрашаве зламанымі дрэвамі заваліла вуліцу, абарвала лінію электраперадач. Нельга было даехаць некаторы час і да дзіцячых лагераў адпачынку «Віцязь», які знаходзіцца на тэрыторыі Сенненскага раёна, і «Лясное возера» — Аршанскі раён.

Без электраэнергіі некаторы час заставаліся таксама вёскі Стэцава, Ледневічы, Града, Рошчына, Пашкова, Шэметаўка, Добрына, Андрэеўшчына, Рыбнае, Шчытоўка і Паграбёнка. Толькі з лініі 10 кВ, якая вядзе да Паграбёнкі і Шчытоўкі, супрацоўнікі РЭСа знялі 27 дрэваў, замянілі 5 зламаных жалезабетонных слупоў. У вёсцы Паграбёнка на лініі 0,4 кВ было зламана 6 жалезабетонных слупоў.