Фотарэпартаж: як Сянно адзначыла сваё 570-годдзе

 Парк 40-годдзя Перамогі ці Сінаі (як называюць яго сенненцы) сталі галоўнай пляцоўкай юбілейных урачыстасцяў. 570-ты год нараджэння Сянно святкавала з размахам. Песні, танцы, забаўляльныя мерапрыемствы не сціхалі ўвесь дзень.

«Сенненец — гэта заўсёда  трывала, адказна  і прыстойна»

 Святкаванні адкрыў старшыня Сенненскага раённага выканаўчага камі­тэта Віктар Цапота. У сваёй прывітальнай прамове кіраўнік раёна адзначыў, што юбілей — гэта не толькі мінулае і сучаснае Сенненшчыны, але і пралог да яе будучыні.

Віктар Уладзіміравіч выказаў словы асаблівай падзякі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, тым, хто аднаўляў разбураны раён пасля вайны. Менавіта людзі — галоўнае багацце зямлі Сенненскай, зазначыў ён. І сёння імёны нашых землякоў нясуць добрую славу ў тым ліку і за межамі малой радзімы. «Мы адкрыты для ўзаемавыгадных партнёрскіх стасункаў. Супрацоўніцтва, інвестыцыі — вось стратэгія развіцця горада і раёна», — падкрэсліў Віктар Цапота. Свой зварот ён адрасаваў і моладзі, адзначыўшы, што менавіта з ёй звязваюцца надзеі на будучыню Сенненшчыны. А яе Віктар Уладзіміравіч бачыць у эканамічнай заможнасці рэгіёна і яго жыхароў.

 Да віншаванняў далучыліся і госці свята — ураджэнцы Сенненшчыны, якія займаюць значныя пасады ў вобласці. Росквіту і поспехаў пажадаў сваім землякам намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч.

Дырэктар Віцебскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа Людміла Афанасьева са слязамі на вачах успамінала родны кут свайго дзяцінства — легендарны Машканскі край. І сёння яна імкнецца захаваць бацькоўскі дом і не забывае сваіх землякоў. За апошнія 15 год адукацыю ў падначаленай ёй установе атрымалі 23 выпускнікі Машканскай школы.

 Падарункам усім сенненцам стаў гімн Сянна, створаны Міхаілам Насоўскім, дырэктарам раённага дома культуры і галоўным рэжысёрам свята, спецыяльна да юбілею.

Першым яго друкаваны варыянт атрымаў Віктар Цапота.

Пад урачыстыя гукі і словы гімна, які выконвалі   хор  работнікаў культуры і ўсе прысутныя на свяце, у неба ўзвіўся  флаг Сянна і Сенненскага раёна.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ад сярэднявечча да сучаснасці

 

 Тэатралізаванае прадстаўленне «Та­бе, любімы горад» акрэсліла асноўныя вехі гісторыі Сенненшчыны, пачынаючы з часоў праўлення Вялікага князя Лі­тоўскага Казіміра,калі наш горад упершыню быў узгаданы ў летапісах.

Кацярына ІІ, імператрыца Расіі, бывала ў Сянне і заснавала герб горада (менавіта ён узяты за аснову сучаснага герба Сянна).

Як выглядалі абаронцы нашай Бацькаўшчыны ча­соў сярэднявечча прадэманстравалі ўдзельнікі гістарычнага клуба «Варгенторн». Грувасткія мячы з лёгкасцю круціліся ў руках  малайцоў, апранутых ў латы.

 Моц і адвагу сучаснай беларускай арміі паказалі байцы 19-ай асобнай гвардзейскай Нікалаеўска-Будапешцкай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава 2-й ступені механізаванай брыгады (н.п. Заслонава, Лепельскі раён). Салдаты мужна кідаліся ў рукапашны бой, разбівалі адным ўдарам кулака цагліны, дэманстравалі і іншыя свае навыкі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дзіцячы твар святочнага горада

  Далей эстафету  перанялі самыя маленькія артысты. Выступленні вакальных і харэаграфічных калектываў Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, школ раёна падарылі нямала радасных хвілін гледачам.

Незвычайны падарунак гораду падрыхтавалі навучэнцы адукацыйных устаноў — квілт, на якім юныя сенненцы адлюстравалі ўсё тое, чым ганарыцца Сенненская зямля.

 Увогуле, у гэты дзень для дзяцей былі створаны ўсе ўмовы. Не было адбою ад жадаючых пакоўзацца на надзіманых атракцыёнах, па дарожках парку сноўдалі міні-квадрацыклы і джыпы са шчас­лі­вымі хлоп­чыкамі і дзяўчынкамі. Акрамя таго, пакатацца можна было вярхом на кані і поні, а падлеткі ды і дарослыя ўсталявалі чаргу ў цір.

 

 

 

 

 

 

 

 

Песні да змяркання

 

Больш за 30 калектываў мастацкай самадзейнасці прынялі ўдзел у святочных канцэртах. Свае творчыя падарункі паднеслі народныя ансамблі «Вечарынка» і «Вясёлыя музыкі», гурты  Полымянскай, Ходцаўскай і Белаліпскай устаноў культуры, Ульянавіцкай, Сту­дзёнкаўскай, Машканскай, сенненскіх першай і другой школ, школы-інтэрната, супрацоўнікі УП «Сяннорайгаз» і Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў.

 Акрамя таго, павіншаваць сенненцаў са святам горада прыехалі лепшыя артысты з Чашнікаў, Лёзна, Талачына і Віцебска.

 

Народныя майстры і мастакі гораду

Яшчэ на ўваходзе ў парк госці свята траплялі ў царства кветак, што аздаблялі імправізаваныя падворкі сельсаветаў, школ і культурных устаноў раёна.

 А далей можна было падзі­віцца работамі народных майстроў Гарадоцкага, Лёзненскага, Талачынскага і Сенненскага дамоў рамёстваў.  

Маляўнічыя сінайскія краявіды прывабілі да сябе віцебскіх мастакоў. Наш зямляк, член Беларускага саюза мастакоў, Мікалай Драненка і яго калегі Вадзім Осіпаў, Валерый Галубцоў і Іван Дзямко, на вачах стваралі жывапіснае палатно. Скрозь мазкі алейных фарбаў праступаў цудоўны від на Сукрэменскае возера. Карціну мастакі падарылі раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею.

 

Я жадаю табе, родны горад…             

 Кожны, хто прысутнічаў на ўрачыстасцях, мог асабіста павіншаваць Сенненшчыну з юбілеем. Многія госці свята, сенненцы не прамінулі пакінуць запіс у «Кнізе пажаданняў». Так, кіроўца ААТ «Бяленева» Мікалай Багданоўскі пазычыў раёну і роднаму сельгаспрадпрыемству прырастаць моладзю.

Напамінам аб юбілею для многіх сталі адмысловыя сувенірныя кубкі. 

Увечары ў гонар 570-годдзя над Сінайскімі горамі прагрымелі залпы святочнага салюту.

 

 

 

 

 

Фота Вольгі Бандарэвіч,  Таццяны Бураковай, Алы Якаўлевай.