Пад Сянном у 1941-ым

 Міністр абароны Беларусі Ю.Жадобін у сваёй прамове 9 мая гэтага года, прысвечанай 67-ай гада­віне Вялікай Перамогі, упамянуў адну з найвялікшых танкавых бітваў другой сусветнай вайны — бітву пад Сянном. У гістарычных крыніцах яна вядома як Лепельскі контрудар.

 Падзеі разгортваліся 6-10 ліпеня 1941 года, калі вораг ірваўся захапіць Віцебск. Савецкае камандаванне вырашыла нанесці контрудар з раёна Багушэўска на Сянно і Лепель па 3-й танкавай групе нямецкіх войск сіламі 5-га і 7-га механізаваных карпусоў 20-й арміі (камандуючыя карпусамі генерал-маёр Аляксеенка І.П. і генерал-лейтэнант Вінаградаў В.І.). Па некаторых звестках супраць 300 нямецкіх танкаў было кінута 1200 нашых. У кнізе Уладзіміра Бешарава «Танковый погром 41-го» (Мінск, 2004г.) пішацца, што з абодвух бакоў удзельнічала 2070 танкаў, і такім чынам гэта найвялікшая танкавая баталія Другой cусветнай вайны. Раней аб гэтай бітве гаварылі мала, бо яна лічылася няўдалай для Чырвонай Арміі. З-за няўмелага камандавання нашым танкам прыйшлося  наступаць праз балоцістую мясцовасць, дзе многія танкі загразлі і не мелі магчымасці манеўрыраваць. Падцягнутыя рэзервы ворага і ўдары 2-ой нямецкай паветранай арміі вымусілі нашых  спыніць наступленне і 10 ліпеня савецкія войскі адышлі ў раён Оршы. Большасць нашых танкаў была страчана, яны так і засталіся ў лясах і балотах пад Сянном. Шмат тут засталося і разбітай варожай тэхнікі. Па расказах бацькі і яго братоў, якія ў час акупацыі жылі ў вёсцы Матарэйшчына, ведаю, што яны і іншыя мясцовыя жыхары нават пасля вайны доўга знаходзілі падбітыя нямецкія танкі ў лясах каля вёскі Шэбіна, рвалі толам алюміневыя маторы і з іх адлівалі міскі, патэльні, чыгункі і каструлі. А паміж Матарэйшчынай і вёскай Бор у рэчцы затануў наш танк.

  У выніку 5-дзённых баёў Сянно было вызвалена, нашы войскі прасунуліся на 30-40 кіламетраў уперад, знішчыўшы два матарызаваныя палкі ворага. На Лепельскім напрамку была знішчана нямецкая матарызаваная дывізія, каля 40 гармат і значная колькасць транспартных сродкаў. Значны урон немцам нанеслі пехацінцы-знішчальнікі танкаў. Узброены толькі гранатамі і бутэлькамі з гаручай сумессю І.Ф.Шостак у адным баі знішчыў 4 нямецкія танкі, а яго сябры У.Зубко, М.Герасімчук і Е.Лабкоў — па два кожны. У баях пад Сянном вызначыліся воіны 17-га мотастралковага палка (камандзір маёр Д.Ф.Міхайлоўскі, палкавы камісар Л.Ю.Эйхман). Сын І.В.Сталіна — старшы лейтэнант Якаў Джугашвілі ўдзельнічаў у Сенненскай аперацыі ў якасці камандзіра батарэі і быў прадстаўлены камандаваннем да ўзнагароджання. Контрударам ворагу былі прычынены значныя страты, тэмп яго прасоўвання на ўсход паменшыўся.

 У Багушэўску пасля вайны ў памяць аб контрудары 20-й арміі быў пастаўлены помнік. На месцы ранейшага нядаўна ўстаноўлена гармата. А жыхарам Сянна  аб падзеях 1941 года будзе нагадваць помнік-танк, пастаўлены ў цэнтры горада да 70-годдзя контрудара.

   Канешне, з ваеннага пункта гледжання гэтую аперацыю можна ацэньваць па-рознаму. Цяжка нават уявіць, як можна было ў тых умовах забяспечыць танкі палівам і снарадамі ў патрэбных аб’ёмах. Ды і самі танкі, дастаўленыя з Сібіры, былі састарэлых тыпаў (напрыклад Т-26), а асабовы састаў не меў баявога вопыту. Але сёння хочацца нізка пакланіцца тым мужным воінам, якія засталіся вернымі свайму абавязку і абаранялі нашу Сенненшчыну, цаной свайго жыцця выканалі загад і тым самым заклалі падмурак Вялі­кай Перамогі. Іх кроў пралілася не дарэмна.

 М.Ермашкевіч,

 выкладчык БДУ, ураджэнец Сенненскага раёна.