Што ў назве тваёй

14 жніўня багушэўцы афіцыйна адзначаць 130-годдзе з дня заснавання  свайго населенага пункта. Запрашальныя білеты  ўжо атрымалі знакамітыя землякі, дзяржаўныя службовыя асобы самага высокага ўзроўню, у прыватнасці, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.

 Чаму свята намечана  менавіта на гэты дзень? Справа ў тым, што ніякіх дакументаў альбо пісьмовых крыніц, якія б сведчылі пра час заснавання  Багушэўска, пакуль не знойдзена. Метадам гістарычнай рэканструкцыі ўстаноўлена, што пасяленне ўзнікла ля “капліцы святога Макавея”, дзе на першы, макавы Спас, у іншыя царкоўныя святы збіралася шмат сялян, прыязджаў святар, які праводзіў набажэнствы. Лічыцца, што першыя пасяленцы ля капліцы з’явіліся ў 1879 годзе. Гэтая дата зацверджана як дзень  заснавання гарадскога пасёлка Багушэўск.

 Як занатаваў са слоў Пятра Аўсішчара (1911 г.н.) і Юда  Ліпкіна (1910) адзін з першых багушэўскіх краязнаўцаў Генадзь Цвяткоў, спачатку ля капліцы  пасяліліся, каб весці гандаль, самыя прадпрымальныя: нехта Забароўскі — адкрыў карчму, Гозін — заезны дом і бакалейную краму, Рэут (Рэгут) — бакалею. Сярод іншых першых пасяленцаў называюць прозвішчы Ландзёнак, Кулік, Кац, Крывашэеў.

 Чаму юбілей адзначаецца са спазненнем? Любоў Трубека, старшыня пасялковага Савета дэпутатаў, на гэта пытанне адказваетак: “Правесці ў Доме культуры мерапрыемствы ў гонар юбілею можна было і летась. Захацелася падрыхтавацца да свята належным чынам, каб памяць аб падзеі  захавалася не толькі  як нейкія забаўляльныя  мерапрыемствы, але і ў выглядзе заасфальтаваных вуліц, пракладзеных камунікацый, адрамантаваных школ і іншых будынкаў сацыяльнай сферы. Думалася, і недарэмна, што багушэўцы таксама прымуць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы пасёлка да юбілею, што за гэты час  больш грунтоўна  асэнсуюць яго важнасць”.

 На жаль, жаданай сумы на дастойную падрыхтоўку да юбілею пасёлка выканкаму знайсці не ўдалося.  Усё, што зроблена да юбілею, — гэта намаганні і ўкладанні арганізацый і прадпрыемстваў, якія працуюць у Багушэўску, маюць у пасёлку свае аб’екты, інфраструктуру. Так што сваю лепту ў падрыхтоўку свята ў Багушэўску ўнеслі ўсе раённыя арганізацыі, райвыканкам. Некаторыя фінансы пасялковы выканкам атрымаў ад продажу на аўкцыёне некалькіх невыкарыстоўваемых будынкаў, месцаў пад будаўніцтва жылых дамоў. У выніку адрамантаваны  адміністрацыйны будынак пассавета, добраўпарадкавана тэрыторыя  вакол  дзяржаўнай установы. Ды і ўвесь Багушэўск выглядае абноўленым. Гарадскія рысы мястэчку надалі  нават новая дыслакацыя  дарожных знакаў, разметка на асфальце ў месцах пераходу пешаходаў.  Жыццё ў Багушэўску  становіцца больш зручным. Чаго каштуе, скажам, з’яўленне ў гарпасёлку аўтазапраўкі. Так, яна толькі  перасоўная. Ды хіба ад гэтага мяняецца сутнасць здзейсненага? Уладальнікі транспартных сродкаў хутка атрымаюць магчымасць запраўляць свае аўто хоць кожны дзень.

 На большасці аб’ектаў работы будуць працягвацца і пасля свята. Мяркуецца, што з часам  будзе адноўлена нават легендарная капліца Макавея. Да 130-годдзя Багушэўск атрымаў  уласныя сцяг і герб, якія распрацаваны згодна з геральдычнымі законамі.  Сцяг, як і раённы, вытрыманы ў  зялёных танах, герб упрыгожваюць шышка хмелю і  збан, якія  сведчаць, што пачатак пасялення ўзяло ад вытворчасці і гандлю півам, ад  карчмы Забароўскага і бакалеі  Рэута, залатыя  манеты — як сімвал багацця.

 Сваю лепту ў юбілей Багушэўска ўнясе і рэдакцыя. На аснове дакументаў, знойдзеных мясцовымі краязнаўцамі ў розныячасы, якія  датычацца гісторыі пасёлка, людзей, што жылі і жывуць тут, заснавана рубрыка “Да юбілею Багушэўска”.

 … У канцы ХІХ—пачатку ХХ  стагоддзяў па ўсім свеце, у тым ліку ў Расійскай імперыі, хутка развіваўся новы від транспарта — чыгунка. Была здадзена ў эксплуатацыю лінія Санкт-Пецярбург — Жлобін. Пасяленні  паблізу яе  развіваліся паскоранымі тэмпамі. Насельніцтва багацела, бо атрымлівала дадатковыя заробкі на будоўлі. Будучаму Багушэўску пашчасціла ўдвайне: спачатку паблізу распрацавалі кар’ер, жвір з якога выкарыстоўваўся для будаўніцтва чыгуначнага насыпу, а потым сталі будаваць станцыю. Яна размясцілася на адлегласці 40 кіламетраў ад Віцебска, Оршы і Сянно, тады павятовага горада. Навакольныя землі  ў пераважнай большасці знаходзіліся ва ўласнасці памешчыка, палкоўніка Багушэўскага. Землеўласнік згадзіўся перадаць іх пад будаўніцтва станцыі даволі танна пры ўмове, што яна будзе названа ў гонар жонкі. Так на чыгуначнай лініі Віцебск — Орша з’явілася станцыя Багушэўская. Пазней пасяленне, якое  хутка расло паблізу, атрымала назву Багушэўск.

 Праз 130 гадоў гарадскі пасёлак з насельніцтвам у 3,1 тысячы чалавек — гэта даволі значная прамысловая вытворчасць, у аснове якой — лясная гаспадарка, дрэваапрацоўка. Сацыяльная сфера ўключае ў сябе ўчастковую бальніцу і некалькі  сярэдніх школ, Дом культуры і школу мастацтваў. Пасёлак жыве і  развіваецца. У яго   слаўная гісторыя і вялікая перспектыва на будучыню.

Аляксандр Лазюк.

 На здымках: Багушэўск у будаўнічых рыштаваннях напярэдадні святочных мерапрыемстваў