Яе дзед ваяваў пад Сянном у 1941 годзе. А бацька вызваляў Сенненшчыну ў 1944-м

Гэты артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў, дасланых летась у раённы савет ветэранаў жыхаркай Мінска Таццянай Анісімаўнай Майстрэнка, пасля з’яўлення публікацый у друку, сюжэтаў у тэлеэфіры з нагоды ўстанаўлення ў Сянно помніка ў гонар танкістаў і танкавай бітвы 1941 года. Удзельнікам яе быў дзед аўтара пісьма, падпалкоўнік Міхаіл Хромчанка, начальнік штаба 13-й танкавай дывізіі 5-га механізаванага корпуса. У 1944 годзе ў вызваленні Сянно ў складзе 215 стралковай дывізіі 618 палка 5-й арміі прымаў удзел Анісім Пецярбурцаў, бацька Таццяны Майстрэнка.

Сямейнае гняздо Хромчанкі —  вёска Манастырок, якая раскінулася на левым беразе Сажа ў Чэрыкаўскім раёне. Сасновыя лясы, багатыя на грыбы ды ягады, лугі, напоеныя духмяным разнатраўем з ранняй вясны да позняй восені, ды рака, поўная рыбы, якую мясцовыя хлапчукі здабывалі ледзь не рукамі. Так што сям’я Хромчанкаў, у якой было чацвера дзяцей, нястачы ды і голаду не ведала ніколі. А вось працаваць даводзілася шмат з самага маленства.

Міхаіл нарадзіўся ў 1903 годзе і быў трэцім дзіцяці; Праскоўя, маці Анісіма Пецярбурцава, — у 1877 годзе, яна была старэйшая ў сям’і. І дзядзьку, і пляменніку выпала на долю прайсці франтавымі дарогамі вайны. І не адной. Анісім панюхаў пораху і ў час савецка-фінскага канфлікту.

Міхаіл Хромчанка

Ён любіў тэхніку, лю­біў армію і таму стаў прафесійным ваенным. У 1929 годзе скончыў так званыя Крамлёўскія курсы. Праз дзесяць гадоў — ужо маёр-танкіст. Служыць у Чыце. У маі 1940 года Міхаіл Хром­­чанка атрымлівае пры­­з­начэнне на пасаду начальніка шта­ба 13-й танкавай дывізіі Забайкальскай ваеннай акругі і чарговае званне.

Да пачатку вайны заставалася крыху больш як год.

Лепельскі контрудар

Наносіўся сіламі 7-га і 5-га механізаваных карпусоў у паласе 20-й арміі Заходняга фронту. 13-я танкавая дывізія пачала наступленне ў 5 гадзін 6 ліпеня. Вораг супраціўлення фактычна не аказваў, але тэмпы руху былі нізкія — ноччу прайшоў праліўны дождж. Толькі на падыходзе да Масюкоў ды Абольцаў танкісты сустрэлі арганізаванае супраціўленне, зламілі яго і ў 20.00 выйшлі на рубеж Замошша — Абольцы. Яшчэ больш паспяхова наступала 17-я дывізія, якая к канцу дня замацавалася ў раёне Серкуцей і Будна.

Заканчвалася паліва. Папоўніць яго запасы за ноч не ўдалося, бо калёсная тэхніка прайсці не змагла. Адставалі войскі другога эшалона. Іх пастаянна атакавала авіяцыя немцаў. Каб працягваць наступленне, было вырашана зліць паліва з часткі танкаў і забяспечыць ім тыя машыны, што маглі працягваць наступленне. У выніку на працягу 7 ліпеня злучэнні і палкі 5-га мехкорпуса выйшлі на рубеж Уздорнікі — Антаполле. З паказанняў палонных немцаў стала зразумела, што пра­ц­іўнік актыўна наступае ў напрамку Бешанковіч і Ві­­цебска.

Раніцай 8 чэрвеня злучэнні мехкорпуса аднавілі наступленне. Нягледзячы на тое, што савецкім войскам, якія знаходзіліся ў цэнтры контрудара, так і не ўдалося фарсіраваць Чарнагосціцу,  нягледзячы на паспяховыя дзеянні немцаў у раёне Сянна. Камандаванне корпуса паставіла задачу — да канца дня завалодаць Лепелем.

Спачатку 17-я танкавая дывізія паспяхова рухалася да пастаўленай мэты, аднак вечарам немцы з боку Сянна нанеслі па ёй моцны ўдар. Жорсткі танкавы бой ішоў у раёне Дубнякоў, ст. Гразіна, Малой Беліцы. Не атрымаўшы перавагі, немцы перанеслі наступленне ў напрамку Рэчыца — Расна, каб абысці корпус. Стварылася рэальная пагроза захопу каманднага пункту корпуса. Яе, праўда, удалося ліквідаваць з дапамогай рэзервовых сіл. Немцы не пераставалі атакаваць 17-ю дывізію. Несучы цяжкія страты, яна адышла да Малой Беліцы. А вось 17-ы мотастралковы полк сам удала атакаваў немцаў у напрамку Стараселля. Але затым трапіў пад удар нямецкага дэсанту і апынуўся ў поўным акружэнні. Вымушана была адысці ў раён Рыжанкі, саўгас Відокі, Асінаўка 13-я танкавая дывізія.

На наступны дзень, 9 ліпеня, савецкія войскі зноў спрабавалі аднавіць наступленне ў напрамку Лепеля. Немцы контратакавалі. І не толькі пад Сянном. Вечарам яны выйшлі на заходнюю ўскраіну Віцебска.

Пачалося адступленне. Войскам 5-га мехкорпуса, у тым ліку 13-й танкавай дывізіі, дзе начальнікам штаба быў падпалкоўнік Міхаіл Хромчанка, давялося адыходзіць у напрамку Оршы. Выкарыстоў­ваючы начны час, лясныя масівы, выстаўляючы заслоны, злучэнні і часці корпуса 11 ліпеня выйшлі з бою, адарваліся ад ворага і сканцэнтраваліся ў раёне населеных пунктаў Арэхі, Хлусава, Асіпоўка.

15, 16 ліпеня 5-ы механі­за­ваны

кор­пус разам з ін­шымі часцямі ўдзельнічаў у контрудары ў раёне горада Красны, што на поў­дні ад Смаленска. Паспешліва падрыхтаваны, без належных матэрыяльных рэсурсаў, ён таксама не дасягнуў пастаўленай мэты. Немцы працягвалі наступаць на Смаленск. Як склаўся лёс Хромчанкі? Падпалкоўнік прапаў без вестак у кастрычніку 1941 года. Але пра гэта родныя даведался ўжо пасля вайны.

Аперацыя «Баграціён»

Не ведаў пра лёс дзядзькі і Анісім Пецярбурцаў. Нават у 1944 годзе, калі ў складзе 215-й мотастралковай дывізіі ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі і Сенненшчыны. Напярэдадні аперацыі «Баграціён» часць, дзе ён служыў, дыслацыравалася непадалёку ад Асінторфа. Потым былі вызваленыя Багушэўск, Студзёнка, Сянно. Ваенны шлях ляжаў далей на Захад з жорскімі баямі ў Прыбалтыцы. Пад Вільняй загінуў яго сябра, адзін з вызваліцеляў Сянно, камандзір батальёна, старшы лейтэнант Мікалай Каляда. Ва Усходняй Прусіі цяжкае раненне атрымаў старшы сяржант Анісім Пецярбурцаў.

Удзельнік двух войнаў, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Вялікай Айчыннай вайны ён і ў мірны час сваю справу рабіў надзейна, па-ваеннаму дакладна. У выніку, інваліду вайны было прысвоена званне «Ганаровы чыгуначнік».

Анісім Міхеевіч Пецярбурцаў памер у 2009 годзе. Пахаваны ў Мінску. Яго родныя, як і нашчадкі Міхаіла Хромчанкі з гонарам помняць сваіх герояў. На сустрэчах, якія хоць і рэдка, але ўсё ж адбываюцца, заўжды ўспамінаюць іх.

Л. ІЎЕЎ.

На здымках: Міхаіл Хромчанка з дачкой Вольгай у 1940 годзе; Анісім Пецярбурцаў, 2005 год.