Карэспандэнт “ГС” праверыла сенненцаў на прадмет ведання гісторыі сваёй малой радзімыі

Напярэдадні святкавання юбілею Сянна мы папрасілі жыхароў раёна адказаць на некалькі пытанняў:

1. Якія значныя падзеі з гісторыі раёна і яго славутасці вы ведаеце? 2. Каму з вядомых землякоў паставілі б помнік?  3. Чаго не  хапае гораду Сянно,  раёну?

Іван Бізуноў, вучань 9-га класа СШ№2 г.Сянно:

— Адразу хочацца назваць буйнейшую ў гісторыі Другой сусветнай вайны танкавую бітву, якая праходзіла пад Сянном у ліпені 1941 года. У гонар яе паставілі помнік у цэнтры горада — танк ІС-3. Славутасцей у раёне шмат. Падабаецца таемны Чортаў камень каля вёскі Вароніна — другі па велічыні ў Беларусі.

З  Сенненшчынай звязана нямала трагічных лёсаў піянераў-герояў: Аркадзя Нахаева, Аркадзя Бараноўскага, Антаніны Шалуха, Гены Пятніцкага, Яўгеніі Маліноўскай, Мікалая Падалінскага… За подзвігі ў Вялікай Айчыннай вайне, я б і паставіў ім помнік.  Аркадзю Бараноўскаму з вёскі Сукрэмна на пачатку вайны не было і 13 гадоў, а ён ужо дапамагаў збіраць разведданыя лясным байцам з 2-й партызанскай брыгады К.Заслонава. На адным з заданняў у вёсцы Купаваць разам з разведчыкам Валодзем Шафранскім натрапіў на засаду ворагаў. Валодзя загінуў, Аркадзь быў цяжка паранены, застаўся інвалідам. Пазней піянера-героя залічылі ў батальён беларускіх арлят.

Здорава было б, калі б у Сянне пабудавалі свой «Макдональдс» ці піцэрыю.

Кацярына Сітнікава, маладая маці, в.Машканы:

— Сенненшчына багатая на розныя гістарычныя помнікі: гэта першабытная стаянка ля вёскі Галоўск, памятныя месцы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай… Ведаю пра яўрэйскае гета ў Сянне, масавае знішчэнне яўрэяў ля вёскі Казлоўка, подзвіг Цімафея Святлічнага, Паўла Назаранкі і Сяргея Барадуліна.

На жаль, знішчаны ў Сянне такія славутасці, як францысканскі касцёл Святой Троіцы, Мікалаеўскі сабор.

Хоць сама раней жыла ў райцэнтры, зараз Машканы сталі роднымі, таму паставіла б помнік адважнаму Аляксандру Гараўцу, лётчыку, Герою Савецкага Саюза, ураджэнцу вёскі Машканы.

Як маладой маці, хацелася б, каб у райцэнтры, Машканах было больш дзіцячых пляцовак, каруселяў, часцей прыязджалі артысты, цырк.

Аляксандр Нікіцін, інжынер, г.п.Багушэўск:

— У гэтым годзе нашаму райцэнтру спаўняецца 570 гадоў. Канешне, гісторыяй Сенненшчыны цікавіўся заўсёды, асабліва Багушэўска. Вельмі цяжкімі былі баі пад гарадскім пасёлкам у чэрвені 1944 года. Тады пасёлак уяўляў сабой стратэгічна важны аб’­ект абароны праціўніка, пры страце якога гітлераўцы парушылі б сістэму абароны на віцебскім участку. Баі за вызваленне Багушэўска былі доўгімі і жорсткімі.

Крыніца «Каплічка» ў Сянно і Сенненскае возера — першыя славутасці горада.

Сенненскі раён лічу радзімай, якая багата на таленавітых і знакамітых людзей. Чаму б не паставіць помнік Пятру Машэраву ў Сянне?

Калі б на Сенненшчыне пабудавалі «Еўраопт», то жыхары раёна не ездзілі б у іншыя гарады за таннымі прадуктамі. Добры быў бы прыбытак райспажыўтаварыству або прыватніку. Улічваючы спартыўныя традыцыі раёна, буйны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з тэнісным кортам, басейнам, трэнажорамі быў бы добрай трэніровачнай базай для маладога пакалення.

Вольга Пракаповіч, бібліёграф Цэнтральнай раённай бібліятэкі:

— Наша слаўная Сенненшчына звязана са шматлікімі гістарычнымі падзеямі. Праслаўлялі яе нямала пісьменнікаў, грамадскіх і палітычных дзеячаў. Вялікі ўклад  у аднаўленне гістарычнай памяці сенненцаў зрабіў наш  зямляк, настаўнік-мастак, краязнаўца Васіль Бандарэвіч.  Ганаровую дошку на доме Васіля Віктаравіча абавязкова трэба ўсталяваць.

Сянну патрэбны малыя вытворчасці, новы штуршок трэба даць і індывідуальнаму прадпрымальніцтву. Тады павялічыцца колькасць працоўнага насельніцтва, моладзь не будзе выязжаць з раёна.

Пытанні задавала

Ірына ГАРБАЧОВА.