Падкупіў самалёт
Пасля тэрміновай службы ва Узброеных Сілах Аляксандр Емяльянаў застаўся ў Германіі працаваць вольнанаёмным у газеце «Советская Армия». Але праз шэсць гадоў жыцця ў чужой краіне пацягнула на радзіму. Родам з былога райцэнтра Езярышча, што на Віцебшчыне, ён прыехаў у Віцебскае абласное ўпраўленне па друку прасіць накіраванне ў якую-небудзь раённую друкарню. Прапаноўвалі работу ў Браславе, Гарадку. Але хтосьці са знаёмых сказаў, што ў Сянно з Віцебска лётае самалёт. Вырашыў, раз ёсць паветраныя зносіны, то горад неблагі, ва ўсялякім разе — не апошняй велічыні.
Прыляцеўшы ў Сянно, зразумеў, што самалёт, бадай, адзіная славутасць горада. Лакіраваныя нямецкія чаравікі гразлі ў брудзе, а горад быў больш падобны на вялікую вёску. Вуліцы былі брукаваныя камнем. Друкарня размяшчалася ў старым даваенным будынку (цяпер на гэтым месцы будынак райвыканкама). За тоўстымі сценамі і зімой, і летам было холадна і сыра. Аднак адступаць было позна.
Вось ужо амаль пяцьдзесят гадоў Аляксандр Ягоравіч жыве ў Сянне, якое стала для яго родным. З цягам часу знешні выгляд райцэнтра змяніўся, з’явіліся шматпавярхоўкі. У пачатку 70-х пабудавалі новую друкарню. Цяпер, гаворыць Аляксандр Ягоравіч, райцэнтр не пазнаць. Шмат увагі удзяляецца добраўпарадкаванню. Усюды прыгажосць і ўтульнасць. Адным словам, знешні выгляд Сянно з кожным годам усё больш адпавядае статусу горада.
Таццяна Буракова.
На здымку: Аляксандр Емяльянаў з журналісткай раённай газеты Святланай Багушэўскай ля старога будынка друкарні (60-я гады мінулага стагоддзя).
Фота з асабістага архіва А.Я.Емяльянава.