Пасля Сенненскага “Мотаўдару” перасесці на матацыкл захацелі нават дзяўчаты

Другі год запар сенненцы становяцца сведкамі фестывалю байкераў. Асноўныя яго мерапрыемствы праходзяць на Бярозкаўскім возеры і ў Сянне. Хлопцы на матацыклах, у скураным адзенні прыязджаюць у райцэнтр, каб ускласці кветкі да помніка салдатам-вызваліцелям, бо фестываль, які мае назву «Мотаўдар», праводзіцца ў гонар танкавай бітвы 1941 года пад Сянном. А яшчэ яны дэманструюць сваё майстэрства ў ваджэнні матацыклаў, тэхніку і тым самым імкнуцца заахвоціць да яе падлеткаў. Арганізатарамі фестывалю выступаюць упраўленне па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і прыватная асоба — Алег Усціновіч. Дарэчы, наш зямляк і байкер.

— Алег, у праграму селетняга байкерскага фестывалю ўваходзілі выступленні шоў-балета «Сенсацыя», прайшоў рок-канцэрт, былі наладжаны лазерна-піратэхнічнае шоў, феерверк. Каб арганізаваць такое відовішча патрэбны не толькі час і жаданне…

— Ідэя правядзення на тэрыторыі раёна байкерскага фестывалю ў гонар танкавай бітвы пад Сянном належыць не толькі мне. Яе падказаў мой бацька Яўген Мікітавіч Усціновіч. Сёлета яго не стала, таму фестываль праводзіўся і ў памяць аб ім. Што датычыцца матэрыяльнай асновы мерапрыемства, то байкеры збіраюцца і праводзяць значны час на Бярозкаўскім возеры, дзе я маю ўчастак зямлі і  дачу. У правядзенні фестывалю шмат дапамагаюць упраўленне па справах моладзі аблвыканкама і асабіста яго начальнік Валерый Кунашка. На ім пошукі фундатараў, запрашэнне творчых калектываў. Значную ролю ў правяденні фестывалю адыгрывае Сенненскі райвыканкам. Дапамагаюць асабістыя кантакты ў байкерскім асяроддзі. У свой час я кіраваў першым у Віцебску мотаклубам «Жалезны воран», быў арганізатарам шматлікіх акцый патрыятычнага характару.

— Вы сказалі кіраваў?

— Так. Клуб, як юрыдычная асоба, ужо не існуе. Я, большасць людзей, якія ўваходзілі ў яго, працягваем займацца тым, што рабілі раней, але як прыватныя асобы.

— А чым вы займаліся ў мотаклубе?

— Клуб аб’ядноўваў блізкіх па духу людзей. Наша блізкасць грунтавалася не столькі на любві да тэхнікі, колькі на агульных жыццёвых прынцыпах. У прыватнасці, мы імкнуліся дапамагаць дзецям-сіротам, ветэранам, займаліся патрыятычным выхаваннем. Сёлета па нашай ініцыятыве да 9 Мая была праведзена акцыя «Спасибо деду за Победу».

— Алег, як вы сталі байкерам, калі?

— Калі? Ды яшчэ ў дзіцячым садзе (смяецца). Бацька прывозіў і забіраў мяне з дашкольнай установы на матацыкле… Ён прывіў і асноўныя маральныя прынцыпы.

— Байкеры — гэта супольнасць са сваёй філасофіяй, стылем у паводзінах, нават у адзенні, даволі закрытая, а таму ў грамадстве адносіны да яе даволі насцярожаныя…

— Мы гэта таксама адчуваем. Праз акцыі, фестывалі імкнемся данесці да людзей, улад сапраўдную інфармацыю пра сябе. Мне здаецца, гэта нам удаецца. У прыватнасці, байкеры з’явіліся ў Сянне. Нядаўна на старонцы «Мотаўдара» ў Інтэрнэце прачытаў аб’яву, якую дала дзяўчына: «Куплю матацыкл. Дапамажыце…»

Так што байкеры — гэта не клан. Мы такія, як усе, але крыху іншыя.

Гутарыў Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.